2017-03-30 15:35:00

Святы Айцец прыняў прыёра супольнасці з Тэзэ


Францішак прыняў 30 сакавіка 2017 г. на прыватнай аўдыенцыі прыёра Супольнасці з Тэзэ, брата Алоіса, які ў гэтыя дні знаходзіцца ў Рыме.

Сустрэча стала працягам штогадовых аўдыенцый, якія давалі заснавальніку экуменічнай супольнасці, брату Ражэ папярэднікі Францішка: Пій XII, Ян XXIII, Павел VI, Ян Павел II і Бэнэдыкт XVI. 

Традыцыйна, падчас такіх аўдыенцый браты распавядаюць пра свой экуменічны досвед, сустрэчы маладых людзей у Тэзэ і міжнародныя форумы, арганізаваныя супольнасцю на розных кантынентах.

Тэзэ — міжнародная хрысціянская экуменічная супольнасць, заснаваная ў 1940 г. братам Ражэ Шуцам, які пераехаў у Францыю са Швейцарыі і заставаўся прыёрам да 16 жніўня 2005 г., калі быў забіты псіхічна хворай жанчынай.

На сёння ў супольнасці налічваецца больш за 100 манахаў розных нацыянальнасцей, якія прадстаўляюць пратэстанцкія дэнамінацыі і Каталіцкі Касцёл. Жыццё тут абапіраецца на малітву і духоўныя разважанні. На працягу года моладзь з усіх кантынентаў наведвае Тэзэ, а раз на год напярэдадні Божага Нараджэння ў адным з еўрапейскіх гарадоў праходзіць агульная сустрэча еўрапейскай моладзі ў духу Тэзэ.








All the contents on this site are copyrighted ©.