2017-03-30 12:46:00

Пантыфік прымеркаваў ліст да Сусветнай сустрэчы сем’яў


Пантыфік напісаў ліст на імя кардынала Кэвіна Фарэла, прэфекта Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, які прымеркаваў да IX Сусветнай сустрэчы сем’яў, што пройдзе з 21 па 26 жніўня 2018 г. у Дубліне, на тэму: “Евангелле сям’і – радасць для свету”.

У пачатку Францішак узгадаў папярэдні сямейны форум, які адбыўся ў верасні 2015 г. у Філадэльфіі. Менавіта там Дублін быў названы наступнай сталіцай сустрэчы каталіцкіх сем’яў свету. Ён заўважыў, што сваімі думкамі пра шляхі развіцця і паглыблення сямейнага жыцця падзяліўся ў паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі “Amoris laetitia”.

У сваім лісце Папа задаецца пытаннямі: “Ці Евангелле па-ранейшаму з’яўляецца радасцю для свету, а таксама, ці сям’я працягвае быць Добрай Навінай для сучаснага свету?”. Францішак даў упэўнены адказ: “Так!”. І гэта “так”, дадаў ён, “цвёрда грунтуецца на Божым плане”. Сэрцам Божай любові і Яго “так” для ўсяго стварэння з’яўляецца чалавек. Божае “так” гучыць для саюзу паміж мужчынам і жанчынай, які палягае на служэнні і адкрытасці да жыцця на ўсіх яго этапах. “Так” Бога – гэта Яго прыхільнасць да чалавецтва, часта параненага адсутнасцю любові і жорсткім абыходжаннем. “Сям’я, такім чынам, з’яўляецца “так”, прамоўленым Богам Любові. Толькі, калі ў аснове ляжыць любоў, сям’я можа выяўляць, распаўсюджваць і рэгенераваць Божую любоў у свеце. Без любові мы не можам жыць, як дзеці Бога, як сужонкі, бацькі і браты”, - падсумаваў Святы Айцец.

Папа патлумачыў, наколькі важна для сем’яў будаваць адносіны на аснове любові, жыць для любові і ў любові. На практыцы гэта азначае самааддачу, уменне дараваць, не губляць цярпення, прымаць іншага такім, якім ён ёсць, паважаць яго. 

“Наколькі лепшым стала сямейнае жыццё, калі б кожны дзень мы жылі ўжываючы тры простыя словы: “калі ласка”, “дзякуй” і “прабач”. Кожны дзень мы перажываем сваю крохкасць і слабасць, і таму мы ўсе, сем’і і душпастыры, маем патрэбу ў абнаўленні пакоры, якая нараджае жаданне фармаваць сябе, вучыцца і быць адукаванымі, дапамагаць і дазваляць дапамагчы, суправаджаць, распазнаваць і інтэграваць ўсіх людзей добрай волі”, - напісаў Пантыфік. 

Францішак падзяліўся сваёй марай пра “Касцёл, які выходзіць насустрач, не самалюбівы, які не жадае дыстанцыявацца ад чалавечых ран, Касцёл міласэрны, які абвяшчае глыбіню аб’яўлення Бога Любові, якой з’яўляецца Міласэрнасць”. Ён назваў хрысціянскія сем’і “месцамі міласэрнасці і сведкамі міласэрнасці”. На думку Папы, дублінскі форум можа прапанаваць канкрэтныя прыкметы гэтага. Ён заклікаў усе мясцовыя Касцёлы ўключыцца ў душпастырскую падрыхтоўку да наступнай Сусветнай сустрэчы сем’яў.

Пантыфік даручыў прэфекту Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця і яго супрацоўнікам задачу адмысловым чынам наблізіць вучэнне “Amoris laetitia”, паколькі праз гэты дакумент Касцёл жадае падкрэсліць, што “сем’і заўсёды знаходзяцца на шляху, у глыбокай пілігрымцы, што з’яўляецца сапраўднай праявай жыцця”.

“Мая падзяка скіравана асаблівым чынам да Дублінскай архідыяцэзіі і ўсяго дарагога ірландскага народа за цёплы прыём і жаданне правесці такое важнае мерапрыемства. Няхай Пан аддзячыць вам, дорачы багатыя нябесныя ласкі. Няхай Святая Сям’я з Назарэта кіруе, суправаджае і благаславіць ваша служэнне і ўсе сем’і, якія будуць удзіельнічаць у падрыхтоўцы вялікай Сусветнай сустрэчы ў Дубліне”, - напісаў Францішак у сваім адмысловым лісце.








All the contents on this site are copyrighted ©.