2017-03-30 15:11:00

Францішак: не можна расчараваць Бога


Трэба сцерагчыся гонкі за фантазіямі і бажкамі – толькі Бог любіць нас па-сапраўднаму і заўсёды чакае нас, звярнуў увагу Святы Айцец 30 сакавіка 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дому св. Марты. У сваёй гаміліі ён зрабіў спасылку на сённяшнее першае чытанне з Кнігі Зыходу (Зых 32,7-14) і падкрэсліў верную любоў Бога, якая трывае, нягледзячы на нявернасць народа. Таксама варта падумаць, ці не адварочваемся мы ад Бога, каб імкнуцца ў бок ідалаў і рэчаў гэтага свету, запрасіў Фрэнцішак.

Ён адзначыў, што Бог марыў пра свой верны народ, а людзі яго расчаравалі. Ён марыў, таму што любіў, але народ здрадзіў гэтай мары, і Бог пачынае адчуваць расчараванне. Вось чаму загадаў Майсею сысці з гары, на якой той атрымаў закон. Людзям не хапіла цярпення і яны пачалі ствараць ідала і забыліся Бога, Які вызваліў іх, узгадаў Папа біблійную гісторыю.

“Забыццё Бога, Які стварыў нас, паспрыяў нашаму развіццю, суправаджае нас у жыцці: гэта расчараванне Бога. Шмат разоў Езус кажа ў сваіх евангельскіх прыпавесцях пра чалавека, які стварыў вінаграднік, а затым пацярпеў няўдачу, таму што работнікі хочуць прыўлашчыць яго сабе. У чалавечым сэрцы заўсёды ёсць гэтая трывога! Ён не задаволены вернай любоўю Бога. Чалавечае сэрца заўсёды схільнае да нявернасці”, - лічыць Пантыфік.

Менавіта таму, Бог праз прарока папракае нясталых, няздольных чакаць, дэмаралізаваных людзей, якія адышлі ад праўдзівага Бога і кінуліся на пошукі ідалаў. Гэта нявернасць народа з’яўляецца расчараваннем Бога.

“Але мы таксама з’яўляемся Божым народам, і мы ведаем, якое наша сэрца. Кожны дзень мы павінны вяртацца на дарогу, каб павольна не сысці ў культ ідалаў, у фантазіі, у мірское, у нявернасць. Я думаю, варта, каб мы падумалі сёння пра расчараванага Пана”, - запрасіў Святы Айцец.

Ён падкрэсліў, што Бог мае далікатнае сэрца, сэрца бацькі. Папа нагадаў, што Пан Езус плакаў над Ерузалемам і заклікаў кожнага спытаць сябе, ці не плача Бог з маёй прычыны, ці не расчараваў я Яго, ці не адышоў ад Бога?

“Давайце падумаем сёння пра гэта расчараванне Бога, Які стварыў нас з любові, а мы кінуліся шукаць любові, дабрабыту ў іншым месцы. Мы адыходзім ад таго Бога, Які стварыў і выкарміў нас. Давайце кожны дзень рабіць невялікі рахунак сумлення: “Пане, Які так шмат марыў пра мяне, я ведаю, што адышоў ад Цябе, але скажыце мне, дзе і як я магу вярнуцца ...”. І нечаканасцю з’яўляецца той факт, што Ён заўсёды чакае нас, як айцец блуднага сына, які бачыў яго здалёку, таму што яго чакаў”, - завяршыў гамілію Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.