2017-03-31 11:32:00

Папскі прапаведнік: ісці маленькімі крокамі да вечнага жыцця


“Не дастаткова прызнаваць гістарычныя факты – трэба “бачыць” Уваскрослага, але гэтага не можа даць гісторыя, а толькі вера. Хто падбягае да абрывістага марскога берагу, павінен неадкладна спыніцца. Тое, што знаходзіцца далей ён можа спасцігаць толькі вачыма, не нагамі”, - сказаў прапаведнік Папскага дома, падчас чацьвёртага велікапоснага казання 31 сакавіка 2017 г. у Ватыкане для Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі. 

Працягваючы разважанне над таямніцай уваскрасення Езуса, айцец Раньера Канталамеса заўважыў, што гістарычны падыход і падыход з пункту гледжання веры па рознаму прадстаўляюць гэту падзею. Уваскрасенне з пункту гледжання веры – гэта сведчанне самаго Бога пра Езуса Хрыста, гэта моцнае “Амэн” Бога Айца, сказанае аб жыцці Яго Сына. Менавіта ўваскрасенне з’яўляецца сведчаннем боскасці Збаўцы. “У тое, што Хрыстус памёр вераць усе, нават язычнікі, але ў тое, што Ён уваскрос, вераць толькі хрысціяне, і той, хто не верыць у гэта – не хрысціянін”, - лічыць капуцын.

Па яго словах, уваскрасенне Хрыста – гэта таямніца “для нас”, бо з’яўляецца фундаментам надзеі на наша ўваскрашэнне. “Хрысціянская вера ва ўваскрашэнне памерлых адпавядае, па сутнасці, самаму глыбокаму прагненню чалавечага сэрца” – прагенню бессмяротнасці. 

Тым не менш, жыццё ў будучым свеце застаецца таямніцай. Так адбываецца не таму, што Бог пажадаў схаваць гэта ад людзей, але таму, што людзям, якія прызвычаіліся думаць пра ўсё катэгорыямі месца і часу, не хапае патэнцыялу, каб уявіць яго, заўважыў айцец Канталамеса.

“Вечнасць – гэта не велічыня, якая існуе асобна і якая можа акрэсліць сама сябе, як час, расцягнуты да бясконцасці. Гэта спосаб быцця Бога. Вечнасць – гэта Бог! Увайсці ў вечнае жыццё, азначае проста быць дапушчаным, праз ласку, да таго, каб раздзяліць спосаб існавання Бога. Усё гэта было б немагчыма, калі б спачатку вечнасць не ўвайшла ў час. Менавіта ва Уваскрослым Хрысце і дзякуючы Яму мы можам прыняць спосаб існавання Бога”, - сказаў прапаведнік. 

Ён заўважыў, што жыццё ў вечнасці, будзе цалкам адрознівацца ад цяперашніх чалавечых уяўленняў. “Калі хтосьці жадае пераплыць мора, казаў св. Аўгустын, самае важнае – гэта не заставацца на беразе, углядаючыся ў далечыню і спрабуючы ўбачыць, што знаходзіцца на іншым. Трэба сесці ў човен, які даставіць на той бераг. Таксама і для нас, самае важнае – гэта не займацца спекуляцыямі адносна таго, якім будзе вечнае жыццё, але рабіць тое, што прывядзе да яго. Няхай наш сённяшні дзень стане маленькім крокам да гэтай мэты”, - пажадаў прапаведнік Папскага дома на заканчэнне свайго казання. 








All the contents on this site are copyrighted ©.