2017-04-01 12:39:00

Папа перадаў санктуарыі ў кампетэнцыю іншай дыкастэрыі


Пантыфік вырашыў пераказаць справы, якія датычаць санктуарыяў у кампетэнцыю Папскай рады па новай евангелізацыі. Аб гэтым гаворыцца ў Апостальскім лісце ў форме “Motu proprio”, апублікаваным у Ватыкане 1 красавіка 2017 г. 

Санктуарыі маюць у Касцёле “вялікае сімвалічнае значэнне”, а пілігрымкі ў іх з’яўляецца сапраўдным вызнаннем веры. Праз сузіранне выяваў святых прыходзіць больш моцнае пачуццё блізкасці Бога, што адкрывае сэрца для надзеі, заўважыў у дакуменце Францішак. На яго думку, народная пабожнасць з’яўляецца “аўтэнтычным выразам спантаннай місійнай дзейнасці народа Божага”, і менавіта ў санктуарыях яна рэалізуецца асаблівым чынам праз традыцыю малітвы, адданасці і даверу да Божай міласэрнасці, уключанай у жыццё чалавека. Папа нагадаў, што ўжо з першых вякоў хрысціянства пілігрымы ішлі да месцаў, дзе жыў і вучыў Хрыстус.

“Санктуарыі застаюцца па гэты дзень ва ўсіх частках свету распазнавальным знакам простай і сціплай веры людзей, якія знаходзяць у гэтых святых месцах асноўны аспект свайго быцця вернікамі. Тут яны глыбока адчуваюць Божую блізкасць, пяшчоту Дзевы Марыі і супольнасці святых: досвед сапраўднай духоўнасці, якая не можа абясцэніцца, бо гэта забіла б дзеянне Святога Духа і жыццё ласкі”, - напісаў Пантыфік.

Нягледзячы на крызіс веры, менавіта санктуарыі ўспрымаюцца сёння як святыя месцы, куды прыходзяць, “каб знайсці момант спакою, цішыні і сузірання ў сённяшнім часта мітуслівым жыцці”. Тут вернікі знаходзяць сябе і здабываюць неабходную сілу для навяртання, адчуваюць падтрымку для шляху веры, якім крочаць у парафіі і хрысціянскай супольнасці, заўважыў Францішак.

Ён нагадаў, што па самой сваёй прыродзе, санктуарыі з’яўляюцца святымі месцамі, дзе абвяшчаецца слова Божае і здзяйсняюцца сакрамэнты, асабліва паяднання і Эўхарыстыі. Таму іх па праву можна назваць сапраўднымі месцамі евангелізацыі, дзе “дзейнічае міласэрнасць Бога ў жыцці людзей”. Праз духоўнасць, уласцівую кожнаму санктуарыю, пілігрымы ўключаюцца ў “педагогіку евангелізацыі” і больш адказна прымаюць удзел у хрысціянскай фармацыі, у тым ліку, праз сведчанне дабрачыннасці.

Усё гэта дае права лічыць, што санктуарыі закліканы адыгрываць важную ролю ў новай евангелізацыі сённяшняга грамадства і што Касцёл павінен надаць большую ўвагу пілігрымкам у санктуарыі і святыя месцы. Менавіта гэта падштурхнула Папу, як прызнаўся ён сам, да перадачы Папскай радзе па новай евангелізацыі спраў, якія тычацца санктуарыяў на ўзроўні Каталіцкага Касцёла. Раней яна належалі да кампетэнцыі Кангрэгацыі па справах Духавенства. 

Такім чынам, устаноўлена, што ад гэтага часу задачай Папскай рады па новай евангелізацыі будзе: ўстанаўленне міжнародных санктуарыяў і зацвярджэнне адпаведных заканадаўчых актаў; вывучэнне і рэалізацыя мер па садзейнічанні евангелізацыйнай ролі санктуарыяў і падтрыманне ў іх народнай пабожнасці; садзейнічанне арганічнаму душпастырству ў санктуарыях, як вядучых цэнтрах новай евангелізацыі; арганізацыя нацыянальных і міжнародных сустрэч з мэтай садзейнічаць агульнаму душпастырскаму абнаўленню народнай пабожнасці і пілігрымак да святых месцаў; садзейнічанне спецыяльнай падрыхтоўцы тых, хто служыць у санктуарыях; нагляд за забеспячэннем пілігрымаў месцамі знаходжання, паслядоўнай і пастаяннай духоўнай і касцёльнай апекай; культурная і мастацкая падтрумка санктуарыяў.

Сімвалічна, што Апостальскі ліст быў падпісаны Францішкам 11 лютага 2017 г., у літургічны ўспамін Маці Божай з Лурду. Менавіта ў гэтым французскім горадзе знаходзіцца адзін з самых буйных у свеце санктуарыяў.








All the contents on this site are copyrighted ©.