2017-04-02 13:41:00

Папа ў Карпі: не паддавайцеся бескарыснай логіцы страху


Быць сведкамі жыцця, якія ўваскрашаюць надзею ў гэтым свеце, заклікаў Францішак падчас св. Імшы ў Карпі, італьянскім горадзе, які ў маі 2012 г. пацярпеў ад моцнага землятрусу. Пантыфік знаходзіцца 2 красавіка 2017 г. з візітам у мясцовай дыяцэзіі.

У сваёй гаміліі Папа спаслаўся на евангельскі фрагмент пра ўваскрашэнне Лазара і заўважыў, што Езус моцна перажыў страту свайго блізкага сябра і плакаў з гэтай прычыны. І Бог заўсёды блізкі да тых, хто пакутуе, - патлумачыў ён. Езус не паддаўся засмучэнню і апатыі, Ён маліўся і з даверам дзякаваў Айцу. Гэта прыклад для нас, як трэба паводзіць сябе: не ўцякаць ад пакут, якія належыць да гэтага жыцця, але і не ўпадаць у песімізм, падкрэсліў Папа.

Ён адзначыў, што ля памерлага Лазара адбываецца вялікае сутыкненне: з аднаго боку параза магілы, а з іншага, надзея, якая пераадольвае смерць і зло, і якая мае імя – Езус. І ў гэтай сітуацыі мы павінны вырашыць, на чыім баку стаім. “Ёсць людзі, якія дагэтуль пахаваны пад абломкамі жыцця, і людзі, якія, як і вы, з Божай дапамогай падымаюць завалы і адбудоўваюць з церпялівай надзеяй”, - сказаў Францішак, звяртаючыся да жыхароў пацярпелага ад землятрусу Карпі.

Папа лічыць, што кожны з нас мае ў сабе “невялікую малігу”, змярцвелую прастору у сэрцы: рану, крыўду, нанесеную нам або намі, неспакой сумлення, грэх, які не можам пераадолець. Святы Айцец заклікаў: “Давайце сёння назавём па імені гэтыя нашы магілы і давайце запросім туды Езуса”. Ён перасцярог ад трывання ў “цёмных пячорах” свайго сэрца, ад бясконцага самааналізу, які яшчэ больш пагружае у тугу. “Не паддавайцеся бескарыснай і бясплённай логіцы страху, апатычнаму паўтарэнню, што ўсё дрэна і нічога не будзе так, як было раней”, - заклікаў Папа. “Гэта атмасфера магілы. А Пан хоча адкрыць шлях жыцця, шлях сустрэчы з Ім, даверу да Яго, уваскрасення сэрца”, - заўважыў ён у сваёй гаміліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.