cацыяльныя сеткі:

RSS:

App:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у Беларусі

Польскі арцыбіскуп уражаны Касцёлам на Гомельшчыне

Польскі арцыбіскуп уражаны Касцёлам на Гомельшчыне - RV

03/04/2017 12:05

1-2 красавіка 2017 г. упершыню Гомельшчыну наведаў арцыбіскуп Люблінскі Станіслаў Будзік. Польскі іерарх прыехаў паглядзець на плён служэння ў Беларусі трох ксяндзоў са сваёй дыяцэзіі. Ужо шмат гадоў тут, у Пінскай дыяцэзіі, працуюць пробашчамі кс. Славамір Ласкоўскі, кс. Тадэвуш Саморэк і кс. Яцэк Баровец. Увогуле ксяндзы з Люблінскай дыяцэзіі служаць у розных кутках свету, і арцыбіскуп імкнецца наведаць кожнага свайго місіянера. На Гомельшчыне іерарх пабываў у парафіях усіх трох пробашчаў – у Гомелі, Светлагорску і Петрыкаве, цэлебраваў св. Імшу і напярэдадні адмыслова вывучыў Парадак імшы па-беларуску. Таксама арцыбіскуп Люблінскі наведаў гомельскі “Дом міласэрнасці Місіянерак любові” і Дзіцячую вёску для інвалідаў, пабудаваную праз “Карытас”.

Больш за 25 гадоў у Беларусі служыць кс. Славамір – калі ён прыехаў у Гомель, тут не было ні парафіі, ні каталіцкага храма, а цяпер ён мае каля тысячы парафіянаў. Як распавёў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё арцыбіскуп Люблінскі, ён уражаны плёнам служэння кс. Славаміра ў Гомелі: тым, што мясцовая каталіцкая супольнасць жывая і дынамічная, дае хрысціянскае сведчанне і робіць справы міласэрнасці: “Каталіцкі Касцёл у гэтым рэгіёне Беларусі мае сваю спецыфіку: ён знаходзіцца ў меншасці, мае невялікія супольнасці. Таму яго можна параўнаць з Касцёлам першых хрысціянаў, які трываў на малітве, на ламанні хлеба і з’яўляўся маленькай, але дынамічнай апостальскай супольнасцю, дзе ўсе ведалі адзін аднаго і клапаціліся адно аб адным. І гэта характэрна для цяперашняга Касцёла на Гомельшчыне”.

Адна з парафій, якую наведаў арцыбіскуп, знаходзіцца ў невялікім райцэнтры Петрыкаве на Палессі. Яна вельмі маленькая, тут амаль няма дзяцей і моладзі. Але іерарх раіць для пробашчаў такіх парафій не адчайвацца: “Паўсюдны Касцёл таксама пачынаўся з малых груп людзей. Ёсць адна рэлігійная песня аб тым, што вучняў Хрыста было ўсяго дванаццаць, а людзей – мільёны, але апосталы пайшлі ва ўсе бакі свету, як зерне, кінутае ў зямлю, якое калісьці прарасце і з яго паўстане вялікае дрэва. Таму варта часцей звяртацца да кнігі Дзеяў апосталаў. Магчыма, ураджай будзе збіраць нехта іншы, але патрэбна сеяць добрае зерне, каб з яго нешта вырасла”.

Арцыбіскуп прызнаўся, што калі вернецца ў Люблін, распавядзе аб багатым плёне ксяндзоў на Гомельшчыне: “Я ўжо шмат гадоў наведваю сваіх святароў на розных кантынентах, але не сустракаў яшчэ такіх сітуацый, як тут, калі пробашчы былі вымушаны будаваць усё наноў. У Амерыцы, Афрыцы святары ўваходзяць у традыцыю, якая ўжо існуе, а тут патрэбна было пачынаць усё з нуля. Я вельмі цешуся, што тут так добра атрымліваецца развіваць Касцёл. І я абавязкова распавяду аб гэтым іншых святарам у Любліне, каб іх таксама заахвоціць да адкрытасці на патрэбы іншых Касцёлаў”.

Арцыбіскуп Люблінскі таксама адзначыў, што ў гомельскай парафіі яго ўразіла вялікая колькасць дзяцей і моладзі, сужэнскіх пар. Ён паабяцаў памятаць мясцовых католікаў у сваіх малітвах.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.


03/04/2017 12:05