cацыяльныя сеткі:

RSS:

App:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Ватыкан: дакумент аб сужэнстве асоб, звязаных з лефебрыстамі

Ватыкан: дакумент аб сужэнстве асоб, звязаных з лефебрыстамі - EPA

04/04/2017 13:19

Кангрэгацыя Веравучэння скіравала 4 красавіка 2017 г. спецыяльны ліст да біскупаў, які тлумачыць сітуацыю вакол цэлебрацыі сакрамэнту сужэнства, калі адзін з бакоў належыць да Брацтва св. Пія Х, лефебрыстаў. У ім нагадваецца, што ўжо на працягу некаторага часу адбываюцца рознага роду нарады і іншыя ініцыятывы, з тым каб прывесці Брацтва да поўных зносін з Касцёлам. Напрыклад, нядаўна Святы Айцец даў усім святарам вышэйузгаданай супольнасці магчымасць правамерна спавядаць, каб забяспечыць абгрунтаванасць і законнасць сакрамэнту і развеяць асцярогі з боку вернікаў.

З пункту гледжання той жа душпастырскай перспектывы, імкнучыся выключыць цяжкасці сумлення вернікаў, нягледзячы на трываючую сітуацыю кананічнай нелігітымнасці, у якой у цяперашні час знаходзіцца Брацтва св. Пія X, Пантыфік, па прапанове Кангрэгацыі Веравучэння і Папскай камісіі “Ecclesia Dei”, вырашыў дазволіць ардынарыям месца магчымасць удзяляць дазвол на цэлебрацыю сакрамэнту сужэнства вернікаў, якія знаходзяцца пад душпастырскай апекай Брацтва.

У лісце адзначаецца, што там, дзе гэта магчыма, дэлегацыя ардынарыя павінна ўдзяляцца святару дыяцэзіі або святару з цалкам рэгулярным прававым статусам, каб прыняў згоду бакоў падчас сакрамэнтальнага абраду, які ў літургіі да рэформы Другога Ватыканскага Сабору (Vetus ordo) адбываецца на пачатку св. Імшы. Сама Эўхарыстыя можа цэлебравацца святаром Брацтва св. Пія Х.

Там, дзе гэта немагчыма, ці там, дзе няма святара дыяцэзіі, які б мог прыняць згоду бакоў, ардынарый можа даць адпаведны дазвол непасрэдна святару Брацтва, які затым будзе цэлебраваць св. Імшу, папярэджваючы яго аб абавязку як мага хутчэй даставіць у дыяцэзіяльную курыю дакументацыю цэлебрацыі сакрамэнту.

У дакуменце, падпісаным прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, кардыналам Герхардам Людвігам Мюлерам, і яе сакратаром, арцыбіскупам Гвіда Поца, гучыць спадзяванне, што гэта рашэнне дапаможа ліквідаваць цяжкасці сумлення вернікаў, якія належаць да святарскага Брацтва, і любой нявызначанасці ў дачыненні да рэчаіснасці сакрамэнту сужэнства. Аўтары спадзяюцца таксама, што рашэнне паскорыць шлях поўнага ўрэгулявання інстытуцыйнага статусу лефебрыстаў.


04/04/2017 13:19