2017-04-06 11:20:00

Беларускі выдавец: храм нельга выключыць з нашага асяроддзя


Вядомы выдавец, даследчык і фатограф Дзяніс Раманюк выношвае цікавую ідэю стварэння працы, прысвечанай храмам Беларусі ў навакольным асяроддзі. Магчыма, гэта будзе альбом, працоўная канцэпцыя якога “Храмы і асяроддзе”. 

Даследчык шмат падарожнічае і свае маршруты пракладае менавіта па месцах, дзе гарманічна спалучаюцца прырода, вадаём, храм – царква або касцёл. “Вельмі люблю вобраз вады ў краявідзе, люблю і вобраз храма. Я вельмі шмат фатаграфую – не проста краявіды, а вобраз храма, упісаны ў краявід. З прыродай яны як быццам раўназначныя. Ёсць разуменне храма як храма, а ёсць паняцце прырода храма, і я лічу, что гэта можа быць гарманічнае спалучэнне. Храм стварае неверагодны эфект кадра. Здымкаў з храмамі ў мяне шмат, я іх друкую шмат”, – падзяліўся сваім бачаннем у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Дзяніс Раманюк.

Вядомы выдавец ставіць задачу не проста зафіксаваць аб’екты для гісторыі, а паказаць менавіта гармонію і непарыўную сувязь сакральнага і рэальнага, будынка і прыроды, дзе ў цэнтры – усё ж храм, з якога і пачынаецца шлях чалавека, у якім ён і заканчваецца. 

Дарэчы, апошняму шляху чалавека прысвечана праца бацькі Дзяніса Раманюка, этнографа Міхася Раманюка. Гэта альбом “Беларускія народныя крыжы” – вялікае даследванне, якому прафесар прысвясіў шмат гадоў, пачынаючы з канца 1980-х, але не паспеў скончыць. Сын як раз і завяршыў працу свайго бацькі. “Могілкі, крыжы магільныя аздабляліся рушнікамі, фартухамі, рознымі элементамі адзення. І яго гэта зацікавіла. Таксама мы тады шмат чулі легенд, рытуалаў пахавання, якія ўжо знікалі ў той час, і яму як этнографу гэта было вельмі цікава. І ён шмат часу прысвяціў гэтай працы. І калі мы разгортваем кнігу, мы не ўбачым нават нейкай схільнасці да канфесій: як і праваслаўныя, так і католікі прадстаўлены аб’ектыўна”, - заўважыў Дзяніс Раманюк.

Аб’ехаўшы ўсе рэгіёны Беларусі, прафесар Міхась Раманюк сабраў унікальны матэрыял пра беларускія крыжы, надмагіллі і пахавальна-памінальны абрад. Вынікам стала поўная сістэматызацыя і класіфікацыя матэрыялаў на гэтую спецыфічную тэму. Манаграфія “Беларускія народныя крыжы” была названая “Кнігай года” на рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі – 2002” і атрымала тры найвышэйшыя ўзнагароды. 

Менавіта навуковы характар кнігі і стаў самым галоўным дасягненнем гэтага выдання, лічыць сын і, атрымоўваецца, яго сааўтар Дзяніс Раманюк. Але прызнаецца: гэта праца падспудна і прывяла яго ў Грэка-каталіцкую Царкву і да хросту ўжо ў свядомым узросце праз знаёмства з вядомым святаром, айцом Янам Матусевічам. “Зноў жа, дзякуючы майму бацьку я быў выхаваны даволі патрыятычна і Грэка-каталіцкая Царква была мне бліжэй чамусьці. Я пазнаёміўся з айцом Янам Матусевічам, калі ён служыў у Барунах падчас вандровак, і ніхто не ўгаворваў, але праз гэтыя зносіны і дыялог я хрысціўся. Магчыма, таму і да працы бацькі я падышоў з такой сур’ёзнасцю. Гэта была першая мая кніга як выдаўца і можа ў гэтым таксама ёсць сімвалічнасць”, - разважае Дзяніс Раманюк. 

Недарэмна кажуць, што ў кожнага свая дарога да храма. Але ж атрымліваецца, дарогі і даследчыка, і фатографа, і навукоўца, і выдаўца  недзе перакрыжоўваюцца. Магчыма, у месцы, дзе стаіць храм, які нельга выключыць з асяроддзя, як рэлігію ўвогуле, і хрысціянства ў прыватнасці, нельга выглючыць з жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.