2017-04-06 12:57:00

Статыстыка Касцёла: Афрыка з найбольшым патэнцыялам


Цэнтральная статыстычная служба Святога Пасаду выдала штогоднікі “Annuario Pontificio” за 2017 г. і “Annuarium Statisticum Ecclesiae” за 2015 г. З першага вынікае, што ў мінулым годзе ў Касцёле з’явіліся: чатыры новыя біскупскія кафедры, адна епархія, два апостальскіх экзархаты, адзін ардынарыят і адзін апостальскі экзархат быў узведзены да епархіі.

З другога штогодніка вынікае, што колькасць ахрышчаных католікаў у свеце з 1 272 млн у 2014 г. вырасла ў 2015 г. да 1 285 млн (на 1%), што склала 17,8% колькасці насельніцтва планеты (у 2005 г. было 17,3%). Назіраўся рост вагі афрыканскага кантынента, тут у 2015 г. пражывала 17,3% католікаў свету, і зніжэнне колькасці ў Еўропе, дзе ў 2015 г. жыло 22,2% католікаў свету. Для параўнання, у 2010 г. іх было 23,8%. 

Агульная колькасць духавенства ў свеце складала два гады таму 466 215, з якіх 5 304 біскупы, 415 656 святары і 45 255 сталыя дыяканы. Заўважаецца пастаянная тэндэнцыя да зніжэння колькасці святароў у Еўропе. Хоць іх працэнтныя суадносіны зменшыліся нязначна: калі ў 2010 г. на Старым кантыненце працавала 46,1% усіх святароў свету, то ў 2015 г. гэта было 43%. На аднаго святара ў 2015 г. у свеце прыходзіўся 3 091 католік.

У 2015 г. у свеце было 54 229 законных братоў і амаль 670 320 законных сясцёр. Гэта нязначна, але менш у параўнанні з папярэднім годам. Крыху менш стала і семінарыстаў – 116 843; у 2104 іх было 116 939. Гэта сведчыць аб тым, што на адзін мільён католікаў прыходзіцца 90,9 семінарыстаў. У Еўропе з 2010 па 2015 гг. колькасць навучэнцаў вышэйшых духоўных семінарый знізілася на 9,7%.

Як адзначае ў сваёй заяве Цэнтральнай статыстычнай службы Святога Пасаду, статыстыка за 2015 г. пацвярджае станоўчую дынаміку колькасці католікаў у свеце, асабліва на афрыканскім кантыненце, удзельная вага якога працягвае павялічвацца. Назіраецца значны рост колькасці біскупаў, дыяканаў, свецкіх місіянераў і катэхетаў ва ўмовах відавочнага скарачэння лічбы законных братоў і сясцёр. Працягваецца змяншэнне колькасці святароў у Еўропе і Паўночнай Амерыцы.

Фактам, які, на думку аўтараў статыстычнай справаздачы, заслугоўвае асаблівай увагі, з’яўляецца паступовае скарачэнне колькасці святарскіх пакліканняў, пасля дасягнення максімуму ў 2011 г. Адзіным выключэннем тут з’яўляецца Афрыка, адзіная, якая практычна не пацярпела ад крызісу пакліканняў і застаецца рэгіёнам з найбольшым патэнцыялам.








All the contents on this site are copyrighted ©.