2017-04-08 14:17:00

Ватыкан: кніга да 90-годдзя Бэнэдыкта XVI


Кніга да 90-гадовага юбілею Бэнэдыкта XVI, які будзе адзначацца 16 красавіка 2017 г., пабачыла свет у Ватыканскім выдавецтве. На яе старонках сабраны тэксты ўсіх трынаццаці лаўрэатаў прэміі імя Ёзэфа Ратцынгера. Выданне было прадстаўлена 6 красавіка 2017 г. у Патрыстычным інстытуце “Augustinianum”. 

Назва кнігі – біскупскі дэвіз Папы на пенсіі: “Cooperatores Veritatis” (Супрацоўнік праўды). Гэтыя словы дакладным чынам перадаюць сутнасць усяго яго служэння ў якасці “тэолага і слугі тэалогіі ў Каталіцкім Касцёле”, лічыць кс. Фэдэрыка Ламбардзі, старшыня “Ватыканскага фонду Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI” – структуры, якая штогадова прысуджае “Ратцынгераўскую прэмію”.

Дэвіз Бэнэдыкта XVI стаў дэвізам заснаванага ім Фонду, а таксама надаецца ўсім, хто атрымлівае прэмію, якая носіць ягонае імя. “Які тытул лепш за гэты можа духоўна злучыць асобу, якой прысвечана выданне і аўтараў, якія яго падрыхтавалі?”, - гаворыцца ў прадмове да кнігі.

Тэолагі, тэксты якіх змешчаны на старонках кнігі, паходзяць з адзінаццаці розных краін. Сярод іх ёсць не толькі католікі, але таксама англіканін і праваслаўны. Яны пачалі працу над сваімі тэкстамі ў снежні 2016 г., пасля чарговага ўручэння прэміі імя Ёзэфа Ратцынгера. Матэрыялы былі апублікаваны на тых мовах, на якіх былі прадстаўлены аўтарамі: французскай, англійскай, італьянскай, іспанскай і нямецкай, за выключэннем тэксту, напісанага па-партугальску, які быў перакладзены на італьянскую мову.

Сярод тэм, якія закранаюцца навукоўцамі: важнасць даследвання біяграфіі Езуса Папам на пенсіі, роля Кумранскіх скруткаў у тэалогіі Бэнэдыкта XVI, сучасныя праблемы тэалогіі і многія іншыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.