2017-04-08 14:34:00

Ватыканскі дыпламат на канферэнцыі па Сірыі ў Брусэлі


“Каталіцкі Касцёл працягне свае намаганні ў аказанні гуманітарнай дапамогі ахвярам вайны ў Сірыі”, - запэўніў сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас выступлення 5 красавіка 2017 г. на Міжнароднай канферэнцыі ў Брусэлі, прысвечанай будучыні Сірыі і рэгіёну.

“Святы Пасад глыбока занепакоены непамернымі чалавечымі пакутамі, якія абрынуліся на мільёны нявінных дзяцей і іншых мірных жыхароў, што застаюцца пазбаўленымі базавай гуманітарнай дапамогі, медыцынскіх і адукацыйных устаноў”, - выказаўся ватыканскі дыпламат адносна ваеннага канфлікту ў Сірыі, які доўжыцца ўжо сёмы год.

Ён заклікаў усіх удзельнікаў баявых дзеянняў паважаць міжнароднае гуманітарнае права, асабліва ў тым, што датычыць абароны мірнага насельніцтва, “не шкадаваць намаганняў, каб пакласці канец бясконцай спіралі жорсткасці і аднавіць салідарнасць, якая з’яўляецца асновай сацыяльнай еднасці і мірнага суіснавання”.

Арцыбіскуп Галахер выказаўся за павелічэнне фінансавай падтрымкі вымушаным перасяленцам, бежанцам і супольнасцям, якія іх прымаюць ў сумежных краінах. Паводле дыпламата, у 2016 г. Святы Пасад і Каталіцкі Касцёл, праз сетку сваіх дабрачынных арганізацый, пералічылі каля 200 млн долараў на гуманітарную дапамогу ахвярам вайны. 

Ён нагадаў таксама, што ў студзені 2016 г. ва ўсходняй частцы Алепа было адкрыта аддзяленне каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Caritas”, а таксама пра праект “Адкрытыя бальніцы”, мэта якога – адкрыццё каталіцкіх медыцынскіх устаноў у разбураных сірыйскіх гарадах. Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі заклікаў міжнародную супольнасці вырашыць праблему пераследу хрысціян і прадстаўнікоў рэлігійных меншасцяў на Блізкім Усходзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.