2017-04-08 10:40:00

Пантыфік: знайсці рашэнні для інтэграцыі цыган


Святы Айцец заклікаў экспертаў, сабраных у Рыме на міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай інтэграцыі цыган у грамадствы краін Еўрапейскага саюза, “знайсці рашэнні, каб знішчыць барьеры, якія перашкаджаюць гэтым людзям карыстацца сваімі фундаментальнымі правамі і спаўняць уласныя абавязкі”. Адмысловы зварот ён скіраваў 7 красавіка 2017 г. праз кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.

“Калі асобныя людзі і супольнасці маюць магчымасць у поўнай меры ўдзельнічаць у грамадскім жыцці і рабіць у яго свой унёсак, можна збудаваць мірнае суіснаванне, пры якім розныя культуры і традыцыі захаваюць свае каштоўнасці не шляхам закрытасці ці супрацьпастаўлення, а праз дыялог і інтэграцыю”, - падкрэсліў Папа. 

Канферэнцыя на тэму: “Сітуацыя цыган у Еўропе: душпастырства і сацыяльная інтэграцыя”, прайшла па ініцыятыве пасольства Венгрыі пры Апостальскай Сталіцы. Яна была прымеркавана на Міжнароднага дня цыган, які штогадова адзначаецца 8 красавіка. Ад імя Святога Пасаду на форуме выступіў кардынал Пітэр Тарксан, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Цыгане з’яўляюцца самай буйной меншасцю ў Еўропе. Паводле афіцыйных дадзеных Еўрапейскай камісіі, іх колькасць складае больш за 6 млн. чалавек, або 1,8% насельніцтва ЕС. У перыяд старшынства Венгрыі ў Еўрасаюзе, у 2011 г., быў прыняты стратэгічны план па інтэграцыі цыган, разлічаны да 2020 г. 

У кастрычніку 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане каля пяці тысяч прадстаўнікоў цыганскай народнасці. Ён пажадаў, каб былі “выкаранены векавыя забабоны, прадузятасці і ўзаемны недавер, што часта знаходзіцца ў аснове дыскрымінацыі, расізму і ксенафобіі”, а таксама заклікаў цыган “спрыяць дабрабыту і прагрэсу грамадства, паважаючы яго законы, пазбягаючы падманаў, прытворстваў, ашуканстваў, нараканняў і інтэгруючыся ў яго”.








All the contents on this site are copyrighted ©.