2017-04-08 11:53:00

Папа ўзначаліць чуванне з нагоды Сусветнага дня моладзі


З нагоды ХХХІІ Сусветнага дня моладзі, які сёлета будзе адзначацца ў Пальмовую нядзелю на мясцовым узроўні, 8 красавіка 2017 г. папа Францішак узначаліць малітоўнае чуванне з моладзю Рымскай дыяцэзіі і іншых дыяцэзій цэнтральнаітальянскага рэгіёну Лацыё. Яно пройдзе ў базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ.

Гаворка ідзе пра першую сустрэчу Святога Айца з моладзю ў рамках падрыхтоўкі да ХV Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая адбудзецца ў кастрычніку 2018 г. у Ватыкане на тэму: “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”, а таксама да ХХХIV Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у студзені 2019 г. у Панаме.

Удзельнікі малітоўнага чування будуць разважаць над постацю “Умілаванага вучня”, выбранага ў якасці евангельскага сімвалу для падрыхтоўчага дакументу будучага Сінода, а таксама Найсвяцейшай Панны Марыі, якой прысвечаны тэмы бліжэйшых Сусветных дзён моладзі. 

Марыйны характар сустрэчы падкрэслівае таксама і месца яе правядзення – базыліка Санта-Марыя-Маджорэ з’яўляецца самай старажытнай базылікай на Захадзе, пабудаванай у гонар Маці Божай. Тэма сёлетняга Сусветнага дня моладзі – словы Панны Марыі: “Вялікае ўчыніў мне Усемагутны” (Лк 1,49).








All the contents on this site are copyrighted ©.