2017-04-08 23:19:00

Францішак: моладзі ёсць, што сказаць Касцёлу


Святы Айцец прыняў удзел у малітоўным чуванні з нагоды Сусветнага дня моладзі, які сёлета адзначаецца ў Пальмовую нядзелю, 9 красавіка 2017 г. на дыяцэзіяльным узроўні. Яно прайшло 8 красавіка ў рымскай базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ. 

Сустрэча стала першым этапам сумеснай з моладзю падрыхтоўкі да двух важных касцёльных падзей: Звычайнай Асамблеі Сінода Біскупаў на тэму "Моладзь, вера і распазнанне паклікання", якая адбудзецца ў кастрычніку 2018 г. і да Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у студзені 2019 г. у Панаме. Францішак прызнаўся, што не ведае, ці будзе прымаць удзел у гэтым форуме, але запэўніў, што Папа на ім будзе прысутнічаць дакладна.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў малітоўнага чування, ён падкрэсліў, што моладзь будзе знаходзіцца ў цэнтры ўвагі бліжэйшага Сінода Біскупаў. Пантыфік заклікаў юнакоў і дзяўчат удзельнічаць у падрыхтоўцы да гэтай асамблеі. Сінод будзе для ўсёй моладзі: не толькі для католікаў, членаў каталіцкіх рухаў і супольнасцяў, але таксама для тых, хто мае слабую веру, для агностыкаў і атэістаў. Кожны з іх мае, што сказаць Касцёлу, лічыць Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што яму сумна бачыць юнакоў і дзяўчат, якія паводзяць сябе як пенсіянеры ці прасіжваюць сваё жыццё на канапе. Ён паставіў у прыклад Панну Марыю, якая пачуўшы словы анёла, паспяшыла ў горную даліну, каб дапамагаць сваёй цяжарнай сваячцы Альжбеце. Свет патрабуе маладых людзей, якія будуць знаходзіцца на шляху, як Марыя, сказаў ён.

Святы Айцец назваў непрымальнай сітуацыю, у якой многія маладыя людзі не маюць працы і перспектыў, ідэалаў і належнага выхавання, вымушаны эміграваць і адчужаюцца грамадствам. "Гэтага мы не можам талераваць". - сказаў Францішак і паабяцаў, што Сінод будзе займацца гэтымі пытаннямі.








All the contents on this site are copyrighted ©.