2017-04-11 11:38:00

Францішак сустрэўся з хворымі дзецьмі


10 красавіка 2017 г. у Ватыкане Папа сустрэўся з групай дзяцей і падлеткаў, якія праходзяць лячэнне ў педыятрычнай клініцы “Bambino Gesù” (Дзіцятка Езуса) ў Рыме. Іх суправаджалі бацькі і медыкі.

Францішак заўважыў, што кожны з дзяцей – гэта асобная, унікальная гісторыя. Ён прызнаўся, што быў уражаны, што лекары ведаюць імя кожнага з сваіх малых пацыентаў, ведаюць, што адбываецца ў іх жыцці, ведаюць іх гісторыю. Цудоўна, калі месца пакут, шпіталь, ператвараецца ў сямейнае асяроддзе, дзе хвароба, гэта проста смутны выпадак, другасная рэч, а галоўнае – сям’я.

Бальніца, урачы – гэта для дзіцяці заўсёды выпрабаванне, звярнуў увагу Папа і прызнаўся, што адчувае гэта яскрава, калі дзеці, пабачыўшы, яго белае адзенне, пачынаюць плакаць, бо думаюць, што ён лекар. 

Самы важны лек у жыцці, перакананы Францішак, можа даць толькі сям’я, і яго назва – ласка. Гэта самы дарагі лек у свеце, таму што для яго набыцця трэба ахвяраваць усё сваё сэрца, усю любоў. 

“Bambino Gesù” – гэта каталіцкая бальніца, нагадаў Папа. Каб быць католікам, спачатку трэба быць чалавекам. Ён заклікаў медперсанал заўсёды ісці па гэтым шляху і развівацца на ім.

Святы Айцец адзначыў важнасць задзейнічання ватыканскага геліпорта для экстраннай дастаўкі ў рымскі шпіталь хворых дзяцей з рэгіёнаў Італіі.

Клініка была заснавана ў 1869 г. і стала першай бальніцай для дзяцей у Італіі. У 1924 г. яна была перададзена Святому Пасаду і знаходзіцца пад асабістай апекай Папы. У цяперашні час “Bambino Gesù” з’яўляецца вядучай     педыятрычнай установай Італіі і адным з лепшых цэнтраў дзіцячай транспланталогіі ў Еўропе.








All the contents on this site are copyrighted ©.