cацыяльныя сеткі:

RSS:

App:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Аўдыенцыі і "Анёл Панскі"

Францішак: на крыжы нараджаецца надзея

Францішак: на крыжы нараджаецца надзея - ANSA

12/04/2017 11:40

Логіка Бога – гэта логіка зерня, якое памірае, каб даць новае жыццё, адзначыў Францішак 12 красавіка 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У сваёй катэхезе ён распавёў пра значэнне Хрыстовага крыжа, як месца нараджэння хрысціянскай надзеі. 

Каб прынесці ў свет новую надзею Езус стаў як пшанічнае зерне: пакінуў сваю нябесную хвалу, прыйшоў да людзей і дазволіў смерці раструшчыць сябе, як зерне дазваляе раструшчыць сябе ў зямлі. “Менавіта тут, у самай крайняй кропцы свайго прыніжэння – якая таксама з’яўляецца самай высокай кропкай любові – ўзышла надзея. Калі хтосьці з вас спытае мяне: “Як нараджаецца надзея?”, я адкажу: “На крыжы. Паглядзі на крыж, паглядзі на Укрыжаванага Хрыста і адтуль да цябе прыйдзе надзея, якая больш не знікне, якая будзе трываць аж да вечнага жыцця”, - заклікаў Папа.

Надзея прыйшла ў свет пра сілу Божай любові, якая аднаўляе ўсё да чаго дакранаецца, перакананы Пантыфік. “Падчас Пасхі, Езус перамяніў наш грэх у прабачэнне, бяручы яго на сябе. Пачуйце добра, якім з’яўляецца пераўтварэнне, што здзейсняе Пасха: Езус перамяніў наш грэх у прабачэнне, нашу смерць ва ўваскрашэнне, наш страх у давер. Вось чаму тут, на крыжы, нарадзілася і заўсёды адраджаецца наша надзея; вось чаму з Езусам усе нашы цьмянасці могуць быць пераменены ў святло, усе нашы паразы – у перамогу, расчараванні – у надзею. Так, усе! Надзея пераўзыходзіць усё, бо нараджаецца з любові Езуса, які стаў як пшанічнае зерне ў зямлі і памёр, каб даць жыццё”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, выбіраючы надзею Езуса, можна паступова зразумець, што пераможным ладам жыцця з’яўляецца жыццё на падабенства зерня. “Логіка зерня, якое памірае, логіка пакорнай любові – гэта шлях Бога, і толькі ён плённы. Мы бачым гэта таксама ў нас: валоданне падштурхоўвае нас заўсёды жадаць чагосьці іншага. Калі атрымаў штосьці – заўсёды хачу яшчэ большага і гэтак далей, і ніколі не застаюся задаволеным. Гэта дрэнная прага! Чым больш маеш, тым больш хочаш – гэта дрэнна! Хто пражэрлівы, той заўсёды ненасытны. Езус пра гэта кажа вельмі ясна: “Хто любіць жыццё сваё, загубіць яго”. Калі ты пражэрлівы, любіш мець шмат рэчаў... тады згубіш усё, у тым ліку тваё жыццё. Гэта значыць: хто любіць сябе і жыве для сваіх інтарэсаў, напаўняецца толькі сабой і губляе. Хто ж прымае, хто адкрыты і служыць, хто жыве па-Божаму: той становіцца пераможцам, збаўляе самога сябе і іншых; становіцца зернем надзеі для свету”, - лічыць Пантыфік. 

Папа падкрэсліў, што сапраўдная любоў абавязкова праходзіць праз крыж, а дарэнне жыцця заўсёды прыносіць радасць і адкрывае сэнс пакутаў. “Любоў – гэта рухавік, які дазваляе рушыць наперад з надзеяй”, - падкрэсліў ён. 

Францішак заклікаў вернікаў часцей углядацца ў крыж і разважаць над яго значэннем. “Паступова мы зразумеем, што спадзявацца на Езуса – значыць заўсёды вучыцца бачыць, ужо з гэтай хвіліны, расліну ў зерні, Пасху ў крыжы, жыццё ў смерці. Хачу даць вам хатняе заданне: усім нам будзе карысна спыніцца перад Укрыжаваннем – якое кожны з вас мае ў хаце – паглядзець на яго і сказаць: “З Табой нічога ні згублена. З Табой заўсёды магу спадзявацца. Ты з’яўляешся маёй надзеяй”, - заклікаў Святы Айцец на заканчэнне сваёй катэхезы.  


12/04/2017 11:40