2017-04-12 12:22:00

Планы Святога Айца: тры падарожжы за паўтара месяца


З сярэдзіны красавіка і да канца мая Францішак здзейсніць тры падарожжы. Гэта вынікае з раскладу мерапрыемстваў з удзелам Пантыфіка на бліжэйшыя паўтара месяцы, які 12 красавіка 2017 г. апублікавала Папская служба літургічных цэлебрацый.

20 красавіка ў Ватыкане Святы Айцец узначаліць Звычайны публічны кансісторый па кананізацыі благаслаўлёных. Падчас яго будуць разгледжаны пяць кананізацыйных спраў, якія тычацца 37 кандыдатаў да хвалы алтара.

28-29 красавіка Францішак здзейніць Апостальскае падарожжа ў Егіпет, у рамках якога сустэнецца з Прэзідэнтам Абдэлем Фаттах аль-Сісі, вялікім імамам універсітэта “Аль-Азхар” Ахмедам аль-Таебам і Патрыярхам Копцкай Праваслаўнай Царквы Тавадрасам ІІ.

У IV Велікодную Нядзелю, 7 мая, Святы Айцец узначаліць Эўхарыстыю ў базыліцы св. Пятра, падчас якой удзеліць сакрамэнт прэзбітэрскага пасвячэння некаторым дыяканам.

12-13 мая адбудзецца пілігрымка Пантыфіка ў партугальскі марыйны санктуарый у Фаціме. Яна будзе прымеркавана да 100-гадовага юбілею першага аб’яўлення тут Найсвяцейшай Панны Марыі.

Апошняй буйной падзеяй з удзелам Францішка ў гэты перыяд стане аднадзённы візіт у Геную. Праграма гэтага падарожжа, якое пройдзе 27 мая, прадугледжвае Эўхарыстыю з вернікамі, сустрэчы з біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі, маладымі людзьмі, якія ўдзельнічаюць ў евангелізацыі. Ужо па традыцыі, Папа паабедае з беднымі і эмігрантамі, а таксама завітае ў госці да хворых дзяцей, якія праходзяць лячэнне ў мясцовым педыятрычным шпіталі.








All the contents on this site are copyrighted ©.