2017-04-13 10:38:00

Пантыфік даў інтэрв’ю выданню “La Repubblica”


“Думаю, што сёння грэх аб’яўляецца з усёй сваёй знішчаючай сілай у войнах, у розных формах насілля і злоўжыванняў, адчужэнні самых слабых. Свет павінен спыніць падбухторшчыкаў войнаў, бо за іх заўсёды расплачваюцца апошнія, бездапаможныя людзі”, - сказаў папа Францішак у інтэрв’ю італьянскаму выданню “La Repubblica”. Яно было апублікавана 13 красавіка 2017 г.

Святы Айцец рашуча асудзіў гандляроў зброяй і тых, хто распальвае войны – адзіных, хто зацікаўлены ва ўмацаванні спіралі насілля і канфліктаў. Ён падкрэсліў, што войны не вырашылі ніводную з шматлікіх праблем сучаснага свету, а наадварот, правакавалі вялізарныя хвалі міграцыі, прымусовага перасялення, фізічную і духоўную смерць шматлікіх людзей.

Пантыфік патлумачыў, чаму сёлета вырашыў цэлебраваць Імшу Вячэры Пана ў турме. Ён нагадаў, што Хрыстус ў Евангеллі паводле св. Мацвея кажа пра сябе: “Быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне” (Мц 25,26). “Гэта запаведзь Хрыста абавязвае кожнага, асабліва біскупа, які з’яўляецца айцом усіх”, - сцвердзіў Францішак.

Папа адзначыў, што адчувае сябе грэшнікам, такім жа, як людзі, якія знаходзяцца ў турмах. “Як святары і біскупы, мы заўсёды павінны служыць. Як я казаў падчас візіту ў турму, якую наведаў у першы Вялікі Чацвер пасля майго абрання: гэта абавязак, які падказвае мне маё сэрца”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак папярэдзіў аб недапушчальнасці стэрэатыпнага стаўлення да зняволеных. Ён распавёў, што важнае значэнне для яго мае прыклад кардынала Агасціна Казаролі, Дзяржсакратара часоў пантыфікату Яна Паўла ІІ, які нягледзячы на свае шматлікія абавязкі пастаянна ажыцяўляў душпастырскае служэнне ў турме для непаўналетніх. “Касцёл павінен заўсёды ісці насустрач адчужаным, бо да іх было скіравана сэрца Езуса”, - падкрэсліў Папа.  

Паводле Францішка, “людзі, якія адчуваюць сябе адрынутымі, як пракажоныя ці бяздомныя, адчуваюць сорам”, як евангельская жанчына, хворая на крывацёк, якая жадала таемна дакрануцца да вопраткі Езуса, каб выздаравіць. “Езус нас уздымае, дае нам годнасць. Езус дорыць нам поўнае збаўленне (...) Такім чынам Езус указвае Касцёлу шлях, якім трэба ісці, каб дасягнуць усіх, каб кожны мог быць аздароўлены фізічна і духоўна, а таксама аднавіць годнасць Божага дзіцяці”, - сказаў Францішак ў інтэрв’ю выданню “La Repubblica”.








All the contents on this site are copyrighted ©.