cацыяльныя сеткі:

RSS:

App:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Папа прыме ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху

Пантыфік прыме ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху - REUTERS

14/04/2017 11:55

14 красавіка 2017 г. у рымскім Калізеі адбудзецца набажэнства Крыжовага шляху з удзелам папы Францішка. Ён будзе назіраць за працэсіяй з падножжа палацінскага пагорка, а на заканчэнне набажэнства прамовіць словы малітвы.

Аўтарам разважанняў Крыжовага шляху сёлета з’яўляецца французскі тэолаг Ан-Мары Пелецье – першая, і на сённяшні дзень адзіная, жанчына, якая атрымала прэмію “Ватыканскага фонду імя Ёзафа Ратцынгера – папы Бэнэдыкта XVI”, якую называюць “Нобелеўскай прэміяй па тэалогіі”. Гэта адбылося ў 2014 г.

У падрыхтаваных ёй тэкстах разважанняў адлюстраваны боль жанчын, вымушаных несці на сябе цяжар войнаў, пакуты мігрантаў, раздзеленых сем’яў, дзяцей, якія сталі ахвярамі насілля.

Крыжовы шлях сёлета не будзе традыцыйным. Падчас яго прагучаць разважанні аб такіх момантах апошніх гадзін зямнога жыцця Езуса, якіх няма ў традыцыйных “стацыях” Мукі Пана: адрачэнні апостала Пятра, саўдзеле язычнікаў і юдэяў у асуджэнні Хрыста не смерць, катаванні і здзеках, якія чынілі над Збаўцам рымскія салдаты.

Сімвал Адкуплення падчас набажэнства па чарзе будуць несці: кардынал Агасціна Валіні, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, італьянская сям'я, хворыя, у суправаджэнні сваіх сваякаў і валанцёраў дабрачынных арганізацый, законнікі, законніцы і свецкія вернікі з розных краін свету, у тым ліку з Егіпту, Партугаліі і Калумбіі, куды Папа накіруецца на працягу бягучага года. 

Традыцыя правядзення Крыжова шляху ў Калізеі сягае сваімі каранямі ў юбілейны 1750 г., калі Бэнэдыкт XІV абвясціў рымскі амфітэатр месцам асаблівага ўшанавання пакутаў Хрыста і ахвяры хрысціянскіх мучанікаў. Практыка правядзення набажэнства ў гэтым месцы перарвалася ў 1870 г., у сувязі з захопам Рыма італьянскімі войскамі, і аднавілася ў 1964 г. па ініцыятыве папы Паўла VI. 

У той час разважанні да паасобных стацый базаваліся выключна на Святым Пісанні, Айцах і Доктарах Касцёла і іншых святых. Змены прыйшлі ў 1984 г., калі разважанні напісаў Ян Павел ІІ. У наступныя годы ён прасіў аб гэтым свецкіх і духоўных асоб з розных краін, а часам нават і не католікаў. Першым аўтарам, запрошаным Пантыфікам у 1985 г., быў італьянскі пісьменнік Італа Аліг’ера К’юзана, а праз год вядомы французскі пісьменнік і журналіст Андрэ Фрасар. 

Першай жанчынай, якую запрасілі напісаць разважанні да Крыжова шляху ў Калізеі стала ў 1993 г. сястра Анна Марыя Канопі, настаяцельніца бэнэдыктынскага абацтва “Mater Ecclesia”. Сярод аўтараў была ў 1995 г. і пратэстанцкая манахіня Мінкэ дэ Фрыс са Швейцарыі.

 


14/04/2017 11:55