cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Гаміліі

Папа ў Пасхальную вігілію: дарыць усім надзею Уваскрослага

Папа ў Пасхальную вігілію: дарыць усім надзею Уваскрослага - AP

16/04/2017 00:54

Хрыстус жыве і прагне ўваскрэснуць у шматлікіх абліччах, якія пахавалі надзею, мары і годнасць, адзначыў Францішак падчас літургіі Пасхальнай вігіліі ў святую ноч, якую цэлебраваў позна вечарам 15 красавіка 2017 г. у ватыканскай базыліцы.

У гаміліі Папа заўважыў, што ў абліччы Марыі Магдалены і іншай Марыі, якія ішлі да магілы Езуса, можна ўбачыць твары шматлікіх маці і бабуль, твары дзяцей і падлеткаў, які нясуць цяжар і боль вялікай чалавечай несправядлівасці. “Мы бачым адлюстраванымі ў іх твары ўсіх тых, хто ідучы праз горад, адчувае боль беднасці, боль ад эксплуатацыі і гандлю людзьмі” і “бачыць укрыжаваную годнасць”, сказаў Папа.

“У іх мы бачым таксама абліччы тых, хто сустрэў пагарду, бо з’яўляецца мігрантам, пазбаўлены Радзімы, дому, сям’і; абліччы тых, чый позірк паказвае самотнасць і пакінутасць, бо маюць занадта маршчыністыя рукі. Яны адлюстроўваюць аблічча жанчын, маці, якія плачуць, бачачы, што жыццё іх дзяцей застаецца пахаваным пад цяжарам карупцыі, што адбірае правы і разбівае шматлікія натхненні, пад штодзённым эгаізмам, які ўкрыжоўвае і хавае надзею многіх, пад паралізуючай і бясплоднай бюракратыяй, якая не дазваляе рэчам змяніцца”, - адзначыў Пантыфік.

Перад аблічча чалавечых пакут Францішак заклікаў не паддавацца фрустрацыі і расчараванню, бо тады “памірае не толькі наш Настаўнік: разам з Ім памірае таксама наша надзея”. Жыццё, аднак, “хавае ў сабе зерне ўваскрасення”, падкрэсліў ён.

“Пульс Уваскрослага даецца нам як дар, як падарунак, як гарызонт. Пульс Уваскрослага – гэта тое, што нам было падаравана і што мы ў сваю чаргу пакліканы дарыць у якасці перамяняючай сілы, у якасці закваскі новага чалавецтва. З уваскрасеннем Хрыстус не толькі адсунуў магільны камень, але жадае таксама разбурыць усе бар’еры, якія закрываюць нас у нашым бясплодным песімізме, у нашых эгаістычных светах канцэпцый, якія аддаляюць ад жыцця, у нашых апантаных пошуках бяспекі і празмерных амбіцыях, здольных гуляць з годнасцю іншых людзей”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заклікаў вернікаў “абвяшчаць вестку” у месцах, "дзе здаецца, што магіла мела апошняе слова і дзе здаецца, што смерць была адзіным вырашэннем”. Ён заклікаў абвяшчаць, дзяліцца, адкрываць, што Пан жывы і хоча ўваскрэснуць у шматлікіх абліччах, якія пахавалі надзею, пахавалі мары, пахавалі годнасць. "І калі мы няздольныя дазволіць Духу весці нас па гэтым шляху, тады не з’яўляемся хрысціянамі”, - адзначыў ён.


16/04/2017 00:54