2017-04-16 12:11:00

“Urbi et Orbi”: няхай Уваскрослы дасць мір у нашыя дні


Пасярод розных формаў зла і насілля, Пан не стамляецца шукаць нас у пустынях свету, адзначыў Францішак у пасланні перад благаслаўленнем “Urbi et Orbi”, атрымаць якое на плошчы св. Пятра сабраліся 16 красавіка 2017 г. каля 60 тыс. вернікаў.

“Сёння ва ўсім свеце Касцёл паўтарае поўнае захаплення абвяшчэнне першых вучняў: “Хрыстус уваскрос!” – “Сапраўды ўваскрос, як сказаў!” – падкрэсліў Святы Айцец. – Старажытнае свята Пасхі, якое з’яўляецца ўспамінам вызвалення яўрэйскага народу з рабства, дасягае свайго спаўнення: праз сваё уваскрасенне Езус Хрыстус вызваліў нас з рабства граху і смерці і адкрыў нам шлях да вечнага жыцця.

Усе мы, калі дазваляем, каб над намі панаваў грэх, губляем добры шлях і блукаем як згубленыя авечкі. Але сам Бог, наш Пастыр, прыйшоў, каб шукаць нас, і каб збавіць нас Ён прынізіўся аж да пакоры крыжа. Сёння мы можам абвяшчаць: “Паўстаў з мёртвых Добры Пастыр, які аддаў жыццё за сваіх авечак і памёр, каб нас збавіць. Аллелюя” (Рымскі Імшал, IV Велікодная Нядзеля, Антыфона на Камунію). 

На працягу гісторыі, Уваскрослы Пастыр нястомна шукае нас, сваіх братоў згубленых у пустыні свету. І знакамі Мукі – ранамі Яго міласэрнай любові – прываблівае нас на свой шлях, шлях жыцця. Таксама і сёння Ён бярэ на свае плечы нашых шматлікіх братоў і сясцёр, прыгнечаных злом ў яго розных формах.

Уваскрослы Пастыр ідзе шукаць тых, хто згубіўся ў лабірынтах самотнасці і маргіналізацыі; ідзе ім насустрач праз братоў і сясцёр, здольных набліжацца з павагай і пяшчотнасцю і рабіць так, каб гэтыя асобы пачулі Яго голас, голас, які ніколі немагчыма забыць, які заклікае іх да сяброўства з Богам.

Ён бярэ на сябе клопат пра тых, хто стаў ахвярай старых і новых форм рабства: нечалавечай працы, незаконнага гандлю людзьмі, эксплуатацыі і дыскрымінацыі, цяжкіх залежнасцяў. Ён бярэ на сябе клопат пра дзяцей і падлеткаў, бестурботнасць якіх выкарыстоўваецца, каб эксплуатаваць іх; і пра тых, хто мае сэрца параненае насіллем, спазнаным у сценах уласнага дома.

Уваскрослы Пастыр становіцца спадарожнікам для людзей, вымушаных пакідаць свае землі з-за ўзброенных канфліктаў, тэрарыстычных нападаў, голаду, рэжымаў, якія прыгнятаюць. Гэтым вымушаным мігрантам Ён дазваляе сустрэць братоў пад кожным небам, каб дзяліліся хлебам і надзеяй на супольным шляху.

Няхай у складаных, і часам драматычных гісторыях народаў, Уваскрослы Пан кіруе крокамі тых, хто шукае справядлівасці і міру; няхай адорыць кіраўнікоў дзяржаваў адвагай, каб пазбегнуць распаўсюджвання канфліктаў і спыніць гандль зброяй.

У гэтыя часы, няхай асабліва падтрымае намаганні людзі, якія актыўна працуюць, каб несці палёгку і суцяшэнне мірнаму насельніцтву Сірыі, умілаванай і спакутаванай Сірыі – ахвяры вайны, якая не перастае сеяць жах і смерць. Учора адбыўся падступны напад на бежанцаў, якія ўцякалі, у выніку якога многія людзі загінулі і атрымалі раненні. Няхай падорыць мір усяму Блізкаму Усходу, пачынаючы ад Святой Зямлі, а таксама Іраку і Емену.

Няхай не будзе недахопу ў блізкасці Добрага Пастыра для насельніцтва Паўднёвага Судана, Судана, Самалі і Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, якія пакутуюць ад працяглых канфліктаў, абцяжараных вялікім голадам, што ўдарае па некаторых рэгіёнах Афрыкі.

Няхай уваскрослы Езус падтрымае высілкі тых, асабліва ў Лацінскай Амерыцы, хто працуе, каб гарантаваць супольнае дабро грамадствам, часам пазначаным палітычнымі і сацыяльнымі напружанасцямі, якія ў некаторых выпадках нават выліліся ў насілле. Няхай будзе магчымым будаўніцтва мастоў дыялогу, трываючы ў барацьбе супраць язвы карупцыі і пошуку адмысловых мірных вырашэнняў супрацьстаянняў, дзеля прагрэсу і ўмацавання дэмакратычных інстытутаў, у поўнай павазе да правовой дзяржавы.

Няхай Добры Пастыр дапаможа украінскай зямлі, яшчэ пакутуючай ад крывавага канфлікту, у адшуканні згоды і суправаджае ініцыятывы, накіраваных на аблягчэнне драмы людзей, што церпяць ад яго наступстваў.

Няхай Уваскрослы Пан, які нястомна напаўняе еўрапейскі кантынент сваім благаслаўленнем, адорыць надзеяй людзей, якія перажываюць хвіліны крызісу і цяжкасцяў, асабліва ад адсутнасці працы, перш за ўсё для моладзі. 

Дарагія браты і сёстры, сёлета, як хрысціяне розных канфесій мы святкуем Пасху разам. Таму няхай у адзін голас загучыць у кожнай частцы зямлі самае цудоўнае абвяшчэнне: “Пан сапраўды ўваскрос, як сказаў!”. Няхай Ён, які перамог цемру граху і смерці дасць мір у нашыя дні. Шчаслівага Вялікадня!”

Пасля благаслаўлення Пантыфік прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы пілігрымаў з розных краін свету і тых, хто сачыў за трансляцыяй з дапамогай сродкаў масавай камунікацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.