2017-04-17 11:05:00

Папа благаславіў новы санктуарый у Асізі


Жамчужынай у рэлігійным ландшафце Асізі назваў Папа новы санктуарый Адрачэння св. Францішка ад людскіх дабротаў. Ён будзе ўрачыста адкрыты 20 мая 2017 г. у родным горадзе святога. З гэтай нагоды Пантыфік скіраваў ліст на імя біскупа Асізі Даменіка Сарэнціна.

Святы Айцец благаславіў новы санктуарый і ўсіх пілігрымаў, якія будучыць маліцца там, дзе “малады Францішак, скінуўшы з сябе ўсё, адмовіўся ад людскіх дабротаў, каб цалкам аддаць сябе Богу і братам”. Праз гэты жэст “ён вызваліўся ад чараў залатога цяляці, пад якія трапіла яго сям’я, асабліва яго бацька, Пьетра Бернандонэ”, напісаў Папа.

“Канешне, юнак, які пакаяўся, не збіраўся адносіцца да свайго бацькі з меншай павагай, але ён памятаў, што ахрышчаны чалавек павінен ставіць любоў да Хрыста вышэй за самыя дарагія прывязанасці”, дадаў ён.

Паводле Францішка, “нажаль праз дзве тысячы гадоў пасля абвяшчэння Евангелля і праз васемсот гадоў пасля сведчання св. Францішка мы знаходзімся перад абліччам феномену “глабальнай няроўнасці” і “эканомікі, што забівае”, што ўдараюць па самых слабых, якімі сёння з’яўляюцца мігранты. 

Папа выказаў спадзяванне, што новы санктуарый паспрыяе станаўленню больш справядлівага і згуртаванага грамадства. Ён пажадаў, каб Касцёл таксама скінуў з сябе марнасць і ўбраўся ў евангельскія каштоўнасці.

Новы санктуарый будзе ўключаць у сябе асізскую катэдру Санта-Марыя-Маджорэ і месцы ў будынку мясцовага епіскапату, звязаныя з адрачэннем св. Францішка ад спадчыны свайго бацькі і зняццем адзення, на знак поўнага аддання Богу. Гэты выпадак меў месца на самым пачатку яго навяртання, у 1207 годзе.








All the contents on this site are copyrighted ©.