2017-04-18 12:42:00

Гадавіна адгартацыі “Amoris laetitia”


У многіх мясцовых Касцёлах узніклі ініцыятывы накіраваныя на вывучэнне Апостальскай адгартацыі папы Францішка “Amoris laetitia”, што дазволіць рэалізацыю яе прынцыпаў у душпастырскай сферы, лічыць старшыня Папскай акадэміі “Pro Vita” і Вялікі канцлер Папскага інстытута Яна Паўла ІІ па праблемах сужэнства і сям’і. 19 красавіка 2017 г. споўніцца першая гадавіна з’яўлення гэтага дакументу Святога Айца. Ён стаў вынікам Сінода Біскупаў на тэму сем’і, які праходзіў у кастрычніку 2015 г. у Ватыкане. У асамблеі прымалі ўдзел каталіцкія іерархі з усіх частак свету.

Паводле арцыбіскупа Вінчэнца Пальі, тэкст адгартацыі быў прыняты з вялікім энтузіязмам у свеце, бо людзі “адчуваюць у ім вялікую сімпатыю да сем’яў, а таксама вялікую надзею”. “Па прашэсці аднаго году яго плёны – значныя, але канешне, складанасць сітуацыі будзе яшчэ патрабаваць разважання, звязанага з рознымі культурнымі кантэкстамі. Напрыклад, трэба – гэта тое, што я бачу паўсюль – пераасэнсаваць нанова падрыхтоўку да сужэнства, а яшчэ больш – і тут мы відавочна спазняемся – суправаджэнне маладых пар у першыя гады іх сужэнскага і сямейнага жыцця”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.  

Былы старшыня Папскай рады па справах сям’і перакананы, што “няма ніякіх сумневаў адносна вучэння”, змешчанага ў гэтай адгартацыі. Яно паклікана даць больш шырокую прастору для душпастырства. “Гэта патрабуе таго, каб пастыры зноў былі пастырамі. Каб былі ў стане адрозніваць сітуацыі, спадарожнічаць, слухаць, а таксама, з цярплівасцю і педагогікай Бога, паступова інтэграваць вернікаў, у тым ліку тых, якія маюць вялікія праблемы, у цела Езуса”, - сказаў ён.

Паводле іерарха, першая сустрэча з Целам Хрыста ў выпадку “параненых сем’яў і тых, якія маюць праблемы”, наступае праз сустрэчу з хрысціянскай супольнасцю, праз удзел у яе жыцці, дзякуючы чаму яны паўстаюць на новы шлях росту і навяртання. “І тут маем вялізарную адказнасць. Святары павінны быць святарамі, павінны быць духоўнымі айцамі, а часам і некаторыя свецкія вернікі. Трэба дапамагаць тым, хто мае цяжкасці паўстаць на ногі і ісці з дапамогай Божай ласкі”, - лічыць старшыня Папскай акадэміі “Pro Vita” і Вялікі канцлер Папскага інстытута Яна Паўла ІІ па праблемах сужэнства і сям’і.








All the contents on this site are copyrighted ©.