2017-04-18 13:57:00

Папа: чытаць фрагменты Евангелля пра ўваскрасенне Езуса


Святы Айцец заклікаў штодзённа чытаць па аднаму евангельскаму фрагменту, у якім гаворка ідзе пра ўваскрасенне Езуса. “На працягу велікоднай актавы будзе добра штодзённа прачытваць фрагмент Евангелле ў якім гаворыцца пра ўваскрасення Хрыста”, - напісаў Папа ў сваім профілі ў сацыяльнай сетцы “Twitter”.

Францішак вельмі часта заклікае вернікаў чытаць Святое Пісанне штодня. Падчас малітвы “Анёл Панскі” 3 студзеня 2016 г. у Ватыкане ён раіў вернікам заўсёды мець Евангелле пад рукой. “Кожны дзень чытайце ўрывак Евангелля, адзін евангельскі фрагмент, каб лепш ведаць Езуса, каб адчыніць нашы сэрцы на Езуса і такім чынам мець магчымасць лепш знаёміць з Ім іншых. Насіць маленькае Евангелле ў кішэні ці ў сумцы будзе карысна. Не забывайце: кожны дзень чытаем урывак з Евангелля”, - казаў Папа.

На сустрэчы з вернікамі 31 жніўня 2014 г. Францішак падкрэсліў, што штодзённы зварот да Святога Пісання дапамагае стаць новымі людзьмі, якія жывуць паводле Духа. “Неабходна пастаянна абнаўляцца, чэрпаючы з жыватворчых сокаў Евангелля. А як гэта можна зрабіць на практыцы? Перш за ўсё штодзённа чытаючы і разважаючы над Евангеллем, каб слова Езуса заўсёды прысутнічала ў нашым жыцці”, - адзначаў Пантыфік падчас сустрэчы з вернікамі 31 жніўня 2014 г. на плошчы св. Пятра.

Па словах Папы, “Евангелле – гэта слова жыцця”, якое “не прыгнятае людзей, а наадварот, вызваляе тых, хто з’яўляюцца рабамі многіх нячыстых духаў гэтага свету: духа марнасці, прывязанасці да грошай, пыхі, эратызму”. Аб гэтым ён казаў 1 лютага 2015 г. у Ватыкане.

“Евангелле змяняе сэрца, змяняе жыццё, ператварае кепскія схільнасці ў добрыя памкненні. Евангелле здольнае змяняць людзей! (...) Заўсёды памятайце, што Евангелле мае сілу змяняць жыццё! Не забывайце пра гэта! Яно з’яўляецца Добрай Навіной, якая нас перамяняе толькі калі мы дазваляем ёй гэта зрабіць. Таму я прашу вас мець штодзённы кантакт з Евангеллем, чытаць яго кожны дзень – адзін урывак – разважаць над ім і паўсюль насіць яго з сабой”, - падкрэсліваў Святы Айцец.

Францішак перакананы, што заданнем хрысціян з’яўляецца распаўсюджванне паўсюль збаўчай сілы Евангелля, становячыся місіянерамі і прадвеснікамі Божага слова. 








All the contents on this site are copyrighted ©.