Папа заўсёды гатовы прыняць кіраўнікоў дзяржаў, якія просяць яго аб гэтым. Так субстытут Святога Пасаду, арцыбіскуп Анджэла Бэчу, пракаментаваў агенцтву “ANSA” інфармацыю аб магчымым візіце ў Ватыкан Дональда Трампа, які будзе знаходзіцца ў Італіі, на Сіцыліі, у канцы мая з нагоды саміту “Вялікай сямёркі”.
Калі цяперашні Прэзідэнт Злучаных Штатаў не сустрэнецца з Пантыфікам, стане першым “гаспадаром” Белага дома з часоў Франкліна Рузвельта, які падчас візіту ў Італію не завітае ў Ватыкан.
У лютым Святы Пасад назваў інфармацыю пра магчымую сустрэчу Францішка з Дональдам Трампам “заўчаснай”. Да гэтага часу амерыканскі Прэзідэнт пацвердзіў выключна тое, што паедзе на саміт на Сіцылію. Нічога не паведамляецца пра візіт у Рым.
Трэба нагадаць, што Францішак павіншаваў Трампа з нагоды яго інаўгурацыі і заклікаў новага Прэзідэнта да міжнароднага супрацоўніцтва. А ў сваім інтэрв’ю іспанскай “El País” Святы Айцец адзначыў, што запалохванне Трампам або, наадварот, радасць з прычыны яго абрання, заўчасныя. Пантыфік прапанаваў паглядзець, што палітык зробіць на самой справе, а потым рабіць высновы.
Папярэднік цяперашняга кіраўніка ЗША, Барак Абама наведваў Ватыкан двойчы, у 2009 г. ён сустрэўся з Бэнэдыктам XVI, у 2014 г. тут яго прымаў ужо Францішак. Цяперашні Пантыфік у верасні 2015 г. здзейсніў візіт у Злучаныя Штаты.
Дыпламатычныя адносіны паміж ЗША і Святым Псадам па гістарычных мерках налічваюць няшмат часу. Яны былі ўсталяваныя толькі ў 1984 г. Па ўспамінах амерыканскага пасла пры Святым Пасадзе Уільяма Вільсана, перамовам на гэтую тэму паспрыяла сустрэча прэзідэнта Рэйгана з Янам Паўлам II. Тады было заяўлена, што прынцыпы, на якіх заснаваны Злучаныя Штаты, у цэлым “раўналежныя” прынцыпам Святога Пасаду.
All the contents on this site are copyrighted ©. |