2017-04-20 15:35:00

Святы Пасад у ААН: патрэбна глабальная дамова па міграцыі


Глабальная дамова аб сумеснай адказнасці за лёс бежанцаў і мігрантаў паспрыяе ўпарадкаванай, бяспечнай, рэгулярнай міграцыі, лічыць Святы Пасад, пазіцыю якога агучыў 18 красавіка 2017 г. у Нью-Ёрку арцыбіскуп Бернардзіта Ауса. 

Пастаянны ватыканскі прадстаўнік у ААН падкрэсліў, што гэта магчыма пры ўмове ліквідацыі фактараў вымушанай міграцыі, адсутнасці салідарнасці і наўмыснага грэбавання самымі асноўнымі патрэбамі людзей, да якіх належаць: доступ да якаснай адукацыі, годная праца, жыллё і першасная медыка-санітарная дапамога. А сёння ў свеце, на жаль, квітнеюць гандаль людзьмі і чалавечымі органамі, сексуальная эксплуатацыя дзяцей, рабская праца, прастытуцыя, гандаль наркотыкамі і зброяй, тэрарызм і міжнародная арганізаваная злачыннасць.

Іерарх звярнуў увагу на праблему міграцыі дзяцей без суправаджэння дарослых. І першым крокам для ліквідацыі гэтай з’явы, як і ўвогу вымушанай міграцыі, павінна быць спыненне канфліктаў, якія прымушаюць людзей бегчы самім або пасылаць сваіх дзяцей у іншыя краіны з надзеяй, што яны знойдуць там бяспеку і лепшае жыццё.

Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу, што кіраванне міграцыяй не можа здзяйсняцца адным ведамствам ва ўрадзе, тут патрэбны цэласны дзяржаўны падыход, скаардынаваныя намаганні з боку палітычнай і грамадзянскай супольнасцяў, міжнародных арганізацый і рэлігійных устаноў.

Папа Францішак агучыў новы тэрмін – “доўг ветлівасці”, – што прадугледжвае не толькі паважлівы падыход уладаў да мігрантаў, але і абавязак мігрантаў шанаваць законы і традыцыі краін, якія іх прынялі, нагадаў арцыбіскуп Ауса. Ватыканскі дыпламат заклікаў заўважыць сувязь паміж міграцыяй і развіццём, для якога патрэбны ўдзел мігрантаў у жыцці грамадства ў якасці актыўных дзеючых асоб.








All the contents on this site are copyrighted ©.