2017-04-20 12:41:00

Францішак і Бэнэдыкт XVI да ўдзельнікаў форума ў Польшчы


Францішак і Бэнэдыкт XVI скіравалі пасланні да ўдзельнікаў сімпозіума на тэму: “Канцэпцыя дзяржавы ў вучэнні кардынала Ёзэфа Ратцынгера-Бэнэдыкта XVI”, які прайшоў 19 красавіка 2017 г. у Варшаве. Форум быў прымеркаваны да 90-годдзя Папы на пенсіі. 

Апостальскую Сталіцу на ім прадстаўлялі: прэфект Кангрэгацыі Веравучэння, кардынал Герхард Людвіг Мюлер і старшыня “Ватыканскага фонда Ёзэфа Ратцынгера-Бэнэдыкта XVI”, кс. Фэдэрыка Ламбардзі.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі, Францішак пажадаў, каб яна паспрыяла “абноўленым намаганням на карысць паважлівага і плённага дыялогу паміж дзяржавай і Касцёлам у святле будавання цывілізацыі любові”.

У сваю чаргу, Бэнэдыкт XVI заўважыў, што абраная тэма з’яўляецца сутнасна важнай для будучыні Еўропы. Ён нагадаў пра тэрміновую неабходнасць у распрацоўцы такога бачання, якое дапамагло б пераўзысці як радыкальна атэістычны, так і радыкальна рэлігійны падыход да дзяржавы. 

Папа на пенсіі заўважыў, што Польшча падарыла чалавецтву дзве выбітныя постаці – кардынала Стэфана Вышынскага і св. Яна Паўла ІІ, – якія не толькі шмат разважалі над гэтым пытаннем, але і неслі на сабе пакуты і жывы досвед, звязаныя з ім.

Аднадзённы форум быў арганізаваны Канферэнцыяй Біскупаў Польшчы, “Ватыканскім фондам Ёзэфа Ратцынгера-Бэнэдыкта XVI” і польскім Сеймам.








All the contents on this site are copyrighted ©.