cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Святы Пасад \ Падзеі і дакументы

Святы Пасад у ААН пра сітуацыю на Блізкім Усходзе

Святы Пасад у ААН пра сітуацыю на Блізкім Усходзе

21/04/2017 15:42

Нядаўні хімічны ўдар у Сірыі ўяўляе сабой грубае парушэнне нормаў міжнароднага гуманітарнага права і Канвенцыі аб хімічнай зброі, а выбухі ў Егіпце падрываюць аснову чалавечай годнасці і правоў, заявіў у Нью-Ёрку арцыбіскуп Бернардзіта Ауса, пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Ён прыняў удзел у адкрытай дыскусіі па сітуацыі на Блізкім Усходзе, уключаючы палестынскі пытанне. Іерарх выказаў шчырыя спачуванні сем’ям тых, чые блізкія загінулі.

Апостальская Сталіца глыбока занепакоена сітуацыяй, якая склалася на Блізкім Усходзе. Ліван нясе на сабе цяжар мільёнаў бежанцаў з суседніх краін. У дадатак да гэтага, яго стабільнасць таксама знаходзіцца пад пагрозай з боку ўзброеных груп, якія дзейнічаюць на суседніх тэрыторыях.

Ватыканскі дыпламат пацвердзіў перакананасць Апостальскай Сталіцы ў тым, што мірны працэс паміж ізраільцянамі і палестынцамі можа пайсці наперад толькі ў выпадку непасрэдных перамоваў паміж бакамі, з моцнай і эфектыўнай падтрымкай з боку міжнароднай супольнасці. Толькі перамовы ў духу добрай волі прынясуць мір народам Ізраіля і Палестыны. Лідэры і грамадзяне па абодвух баках павінны быць гатовыя да справядлівых саступак і адмовы ад узаемавыключальных і немагчымых патрабаванняў. Іерарх запэўніў у малітве Папы за вылячэнне глыбокіх ран, якія дзеляць ізраільцян і палестынцаў. Аднабаковыя рашэнні, акты насілля і правакацыйная рыторыка яшчэ больш паглыбляюць гэтыя раны, распальваюць нянавісць і пашырыць падзелы. Францішак заклікае абодва бакі прыслухацца да галасоў дыялогу, праявіць добрую волю і пашыраць жэсты сустрэчы.

Варварскія акты, якія здзяйсняюцца нібыта ў імя Бога і рэлігіі, падрываюць мір, у якім мусульманская большасць на працягу стагоддзяў мірна суіснавала з этнічнымі і рэлігійнымі меншасцямі. Сёння іх культурная і гістарычная спадчына нішчыцца, знішчаюцца ўсе сляды іх даўняй прысутнасці ў рэгіёне, апісаў сітуацыю на Блізкім Усходзе ватыканскі іерарх.

Апостальская Сталіца заклікала міжнародную супольнасць праз Савет Бяспекі спыніць генацыд з боку гвалтоўных тэрарыстычных груп і іншых недзяржаўных суб’ектаў, а рэлігійных лідэраў – рашуча выступаць супраць тэрору. Ніводзін рэлігійны кіраўнік не павінен маўчаць, калі рэлігія выкарыстоўваецца ў якасці падставы для дзеянняў супраць чалавечай годнасці і асноўных правоў кожнага чалавека, перш за ўсё, права на жыццё і права ўсіх на свабоду веравызнання. 

Акрамя таго, Апостальская Сталіца, праз свайго прадстаўніка ў ААН, заклікала пастаўшчыкоў зброі дзейнічаць у адпаведнасці з міжнародна ўзгодненымі нормамі па яе продажы. Кроў нявінных грамадзянскіх асоб найбольш драматычна сведчыць супраць некантраляванага прытоку зброі ў рэгіёне. Пераважная большасць людзей, якія пацярпелі ў выніку ўзброеных канфліктаў і іншых форм узброенага насілля з’яўляюцца грамадзянскімі асобамі. Зброя выкрыстоўваецца для нападаў на грамадзянскія аб’екты: школы і бальніцы, водаправоды і харчовыя аб’екты.

Ацыбіскуп Ауса завяршыў сваё выступленне малітвай папы Францішка, прамоўленай ім пасля нядаўніх нападаў у Егіпце і Сірыі, пасля чаго нагадаў, што Пантыфік 28 і 29 красавіка 2017 г. паедзе з місіяй міру ў Каір.


21/04/2017 15:42