2017-04-22 12:21:00

Папа павіншаваў з 600-годдзем інстытута Прымаса Польшчы


Францішак напісаў віншавальны ліст да Прымаса Польшчы, арцыбіскупа Воцеха Поляка, з нагоды ўстанаўлення гэтага тытула.

Пантыфік нагадаў, што “шэсць стагоддзяў таму, падчас Сабора ў Канстанцы, арцыбіскуп Гнезна Мікалай Тромба атрымаў для сябе і для сваіх пераемнікаў тытул Прымаса Польшчы. Нездарма, гонар і задача першынства любові ў супольнасці Касцёла ў Польшчы быў прызнаны за Гнезненскай кафедрай”. Святы Айцец патлумачыў, што менавіта Гнезна звязана з пачаткамі хрысціянства на гэтых землях, таму і рашэнне надаць у 1417 г. тытул Прымаса стала прызнаннем гэтай унікальнай ролі. Ён дадаў, што таксама і ў наступных стагоддзях, асабліва складаных для польскага народа, Гнезна заставалася пунктам адліку ў пошуках волі, матывацыі і сілы для пабудовы агульнага дабра і духоўнага росту. Ян Павел ІІ разглядаў ролю гэтай спадчыны ў больш шырокім кантэксце адзінай Еўропы.

“Сёння, калі Гнезна і ўвесь Касцёл у Польшчы святкуе 600-годдзе прызнання тытула Прымаса, трэба паглядзець у будучыню і прасіць Бога, каб сведчанне св. Войцеха заставалася жывой крыніцай натхнення ў працы па евангелізацыі наступных пакаленняў паслядоўнікаў Хрыста”, - напісаў Францішак і пажадаў мясцовай каталіцкай супольнасці не баяцца распазнаваць новыя выклікі і шукаць новыя шляхі для абвяшчэння Евангелля ў сучасным свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.