2017-04-22 12:47:00

Святы Пасад да будыстаў: разам ісці шляхам ненасілля


Да супольнага супрацьстаяння насіллю і будавання міру, заклікала Апостальская Сталіцы вызнаўцаў будызму. 22 красавіка 2014 г. было апублікавана віншавальнае пасланне Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, з нагоды будысцкага свята Весак. 

“У той час, калі многія вернікі працуюць для міра, іншыя выкарыстоўваюць рэлігію для апраўдання сваіх актаў насілля і нянавісці”, - гаворыцца ў дакуменце. Тут звяртаецца ўвага на праблему “палітызацыі рэлігіі”, ганебнай гонкі ўзбраенняў, якая вядзецца ў той час, калі людзі пакутуюць ад беднасці і голаду. 

І Хрыстус, і Буда прапаведвалі адмаўленне ад насілля ва ўсіх яго формах і былі будаўнікамі міру. Нягледзячы на гэта, “многія члены нашых грамадстваў вымушаны лічыцца з наступствамі ран мінулага і сучаснасці, выкліканых насіллем і канфліктамі”, - гаворыцца ў пасланні. Гэты феномен уключае не толькі хатняе, але і эканамічнае, сацыяльнае, культурнае, псіхалагічнае насілле, насілле супраць навакольнага асяроддзя.

Таму важна, каб і католікі, і будысты вывучалі прычыны ўзнікнення насілля, вучылі сваіх паслядоўнікаў барацьбе са злом у сэрцы. Важна вызваліць ад зла як ахвяр, так і тых, хто яго здзяйсняе, выхоўваць сэрцы і думкі людзей, асабліва дзяцей, вучыць прабачэнню, гаворыцца ў тэксце паслання.

Апостальская Сталіца заклікала паслядоўнікаў будызму супрацоўнічаць дзеля прадухілення канфліктаў, заахвочваць сродкі сацыяльнай камунікацыі не распаўсюджваць нянавісць, адмовіцца ад аднабаковага і правакацыйнага падыходу, рэфармаваць сферу адукацыі, каб недапускаць маніпуляцый і няправільнай інтэрпрытацыі гісторыі і сакральных тэкстаў, а таксама маліцца за мір ў свеце, разам ідучы шляхам ненасілля.








All the contents on this site are copyrighted ©.