2017-04-22 14:29:00

Францішак памоліцца праз заступніцтва навамучанікаў


Падчас візіту ў Санктуарый Навамучанікаў у базыліцы св. Барталамея на Тыберынскім востраве ў Рыме Францішак будзе маліцца, каб  Бог “праз пралітую кроў мучанікаў дазволіў параненаму злом чалавецтву адшукаць радасць і святло дабра”, якія Езус Хрыстус прынёс людзям “коштам свайго жыцця”.

Святы Айцец наведае рымскі санктуарый 22 красавіка 2017 г. вечарам. Тут ён узначаліць Літургію слова, падчас якой прагучыць малітва праз заступніцтва мучанікаў усіх часоў і Цэркваў. Менавіта яны павінны дапамагчы прывесці хрысціян да адзінства і спыніць блюзнерскае насілле з боку тых, хто лічыць, што можна забіваць у імя Бога.

Папа памоліцца ў капліцах базылікі, дзе захоўваюцца рэліквіі і памятныя рэчы мучанікаў з Еўропы, Афрыкі, Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерык. Дзве з іх прысвечаны мучанікам нацызму і камунізму. Там, між іншым, знаходзяцца рэліквіі і рэчы св. Максімільяна Кольбэ, бл. Ежы Папялушкі, а таксама расійскага праваслаўнага святара Аляксандра Меня.

Рымская базыліка св. Барталамея на Тыберынскім востраве была абвешчана Санктуарыем Навамучанікаў падчас пантыфікату св. Яна Паўла ІІ. Літургію з нагоды яго адкрыцця 12 кастрычніка 2002 г. узначальвалі Патрыярх Румынскай Праваслаўнай Царквы Феактыст і амерыканскі кардынал Фрэнсіс Джордж.  

Гэта месца ў 2008 г. наведваў Бэнэдыкт XVI. Свой візіт ён акрэсліў, як “пілігрымку да памяці пра мучанікаў ХХ стагоддзя, незлічонай колькасці мужчын і жанчын, якія пралілі кроў за Хрыста”. 

Ад самага пачатку санктуарый знаходзіцца пад апекай экуменічнай Супольнасці св. Эгідзія. Папа Францішак ахвотна прыняў запрашэнне наведаць яго, бо часта ўдзельнічаў у набажэнствах праз заступніцтва навамучанікаў, арганізаваных гэтым дабрачынным аб’яднаннем яшчэ падчас свайго служэння на пасадзе арцыбіскупа Буэнас-Айрэса.








All the contents on this site are copyrighted ©.