2017-04-23 12:47:00

Пантыфік: прычына пераследаў – нянавісць князя гэтага свету


 

“Прычынай кожнага пераследу з’яўляецца нянавісць князя гэтага свету да тых, хто быў збаўлены і адкуплены Езусам, Яго смерцю і ўваскрасеннем”, - сказаў Папа 22 красавіка 2017 г. вечарам у рымскім Санктуарыі Навамучанікаў у касцёле св. Барталамея.

У сваім разважанні Францішак нагадаў, што храм з’яўляецца месцам, дзе старажытная гісторыя мучаніцтва звязана з памяццю навамучанікаў, многіх хрысціян, забітых вар’яцкімі ідэалогіямі мінулага стагоддзя, забітых толькі таму, што былі вучнямі Езуса. “Касцёл з’яўляецца Касцёлам Мучанікаў”, - падкрэсліў Пантыфік. Ён таксама звярнуў увагу на шматлікіх “схаваных” мучанікаў, мужчын і жанчын, якія штодня імкнуцца дапамагчы сваім братам і бескарысліва любіць Бога.

“У чым сёння мае патрэбу Касцёл?”, - спытаў Францішак, спасылаючыся на папулярную думку, што кожнай краіне ва ўмовах крызісу неабходныя героі. У адказ ён нагадаў, што патрэбай Касцёла з’яўляюцца мучанікі і сведкі, як “святыя штодзённасці”, так і “тыя, хто мае мужнасць прыняць ласку, быць сведкамі да канца, аж да смерці”.

Папа падкрэсліў, што памяць аб гэтых сведках і малітва ў прысвечаным ім санктуарыі з’яўляюцца вялікім дарам для Касцёла ва ўсіх яго вымярэннях. Паводле Пантыфіка, сведчанне мучанікаў – гэта крыніца спакою і адзінства, яны вучаць, што любоў і дабрыня могуць пераадолець войны і жорсткасць.

Сваё разважанне Папа скончыў малітвай за абнаўленне Касцёла, абарону пераследаваных хрысціян і аднаўленне міру ва ўсім свеце.








All the contents on this site are copyrighted ©.