2017-04-23 15:28:00

Папа: міласэрнасць грэе сэрца і робіць яго адчувальным


Папа Францішак прысвяціў 23 красавіка 2017 г. свае разважанні перад марыйнай малітвай “Regina caeli” Божай міласэрнасці. Ён таксама скарыстаўся нагодай і падзякаваў усім, хто даслаў яму ў мінулыя дні велікодныя пажаданні. “Я хачу ад усяго сэрца адказаць тым жа, выпрошваючы для ўсіх і кожнай сям’і ласкі Уваскрослага”, - сказаў Пантыфік.

“Мы ведаем, што кожную нядзелю адзначацца ўваскрасенне Пана Езуса, але ў перыяд пасля Вялікадня нядзеля набывае яшчэ больш яскравае значэнне. У традыцыі Касцёла сённяшні дзень называўся “белай нядзеляй”. Што гэта значыць? Гэты выраз павінен быў нагадаць пра абрад, у якім удзельнічалі тыя, хто прымаў хрост падчас Пасхальнай вігіліі. Кожны з іх атрымліваў белае адзенне – “альбу” – каб  прадэманстраваць новую годнасць Божых дзяцей. І сёння робіцца тое ж – нованароджаныя дзеці атрымліваюць невялікую сімвалічную вопратку, а дарослыя апранаюць сапраўдную і ў поўным сэнсе гэтага слова альбу, як мы маглі бачыць падчас Пасхальнай вігіліі. У мінулым, гэта белае адзенне насілі тыдзень да сённяшняй нядзелі, адсюль назва “in albis deponendis” – нядзеля, калі здымалася белае адзенне, а новаахрышчаныя пачыналі сваё новае жыццё ў Хрысце і ў Касцёле.

Акрамя таго, у 2000-ы Юбілейны Год, св. Ян Павел ІІ вырашыў прысвяціць гэтую нядзелю Божай міласэрнасці. Гэта была сапраўды цудоўная інтуіцыя! І натхніў гэтай ідэяй Святы Дух! Некалькі месяцаў таму мы завяршылі Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці, і сённяшняя нядзеля запрашае нас рашуча і абноўлена прыняць ласку, якая зыходзіць ад Божай міласэрнасці. 

Сённяшняе Евангелле распавядае пра з’яўленне Уваскрослага Хрыста перад вучнямі, якія сабраліся ў доме (Ян 20, 19-31). Св. Ян піша, што Езус, прывітаўшы вучняў, сказаў ім: “Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны” (Ян 20, 21-23). У гэтым значэнне міласэрнасці, якое аб’яўляецца ў дзень ўваскрасення Езуса як адпушчэнне грахоў. Уваскрослы даў свайму Касцёлу ў якасці першай задачы, у якасці яго асноўнай місіі, несці кожнаму канкрэтнае абвяшчэнне прабачэння. Абвяшчэнне прабачэння – гэта першая задача Касцёла! Гэты бачны знак Яго міласэрнасці прыносіць душэўны спакой і радасць уз’яднання з Панам.

Міласэрнасць у святле Вялікадня можна разглядаць у якасці сапраўднай формы перажывання таямніцы. Мы ведаем, што можна пазнаваць розным чынам: праз пачуцці, інтуіцыю, розум і шмат іншага. У тым ліку, можна пазнаваць праз досвед міласэрнасці! Яна адчыняе брамы розуму, каб лепш разумець таямніцу Бога і наша асабістае жыццё. Міласэрнасць дазваляе нам усвядоміць, што насілле, крыўда, помста не маюць сэнсу, і першай іх ахвярай з’яўляецца той, хто жыве гэтымі пачуццямі, бо губляе сваю годнасць. Міласэрнасць таксама адчыняе брамы сэрца і дазваляе выказаць блізкасць, перш за ўсё да тых, хто адзінокі і выгнаны на ўзбочыну, таму што прымушае нас адчуваць сябе братамі і дзецьмі аднаго Айца. Яна дазваляе заўважыць тых, хто мае патрэбу ў суцяшэнні і знайсці патрэбныя словы, каб даць яго. 

Браты і сёстры, міласэрнасць грэе сэрца і робіць яго адчувальным да патрэб братоў, праз абмен і ўдзел ў іх клопатах. Калі казаць у цэлым, міласэрнасць уключае ўсіх у быццё інструментамі справядлівасці, паяднання і спакою. Не трэба ніколі забывацца, што міласэрнасць мае вырашальнае значэнне ў жыцці веры і з’яўляецца канкрэтнай формай сведчання аб уваскрасенні Езуса. 
Няхай Марыя, Маці міласэрнасці дапаможа нам верыць і перажываць гэта ўсё з радасцю”, - пажадаў на заканчэнне разважанняў Папа.

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў пілігрымаў, якія сёння ў вялікай колькасці сабраліся на плошчы св. Пятра.








All the contents on this site are copyrighted ©.