2017-04-23 14:24:00

Францішак спачувае ў сувязі са смерцю кардынала Нікоры


22 красавіка 2017 г. вечарам, ва ўзросце 80 гадоў памёр італьянскі кардынал Ацільё Нікора, папскі легат для базылікі св. Францішка і базылікі Найсвяцейшай Панны Марыі Анёлаў у Асізі, былы старшыня Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы.

У сваёй спачувальнай тэлеграме папа Францішак адзначыў уклад памерлага ў развіццё адносін паміж Касцёлам і грамадзянскай супольнасцю ў Італіі, перш за ўсё, у сферы прававых адносін, праз удзел у працы па пераглядзе Латэранскіх пагадненняў, і ў актуалізацыю эканамічнай сістэмы Касцёла.

Кардынал Нікора ў свой час меў шмат функцый у Канферэнцыі Біскупаў Італіі, між іншым, быў сустаршынёй з касцёльнага боку італьянска-ватыканскай камісіі па пераглядзе канкардату, адыграў вялікую ролю ў распрацоўцы правілаў, якія затым увайшлі ў новую дамову паміж Італіяй і Святым Пасадам, падпісаную 15 лістапада 1984 г. У 2002 г. Папа прызначыў яго старшынёй Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы (APSA), а 21 кастрычніка 2003 г. уключыў у Калегію кардыналаў, што дазволіла яму ўдзельнічаць у двух канклавах: у красавіку 2005 г., на якім быў абраны Бэнэдыкт XVI, і ў сакавіку 2013 г., які завяршыўся выбарам Францішка. У 2006 г. кардынал Нікора быў прызначаны папскім легатам для базылікі св. Францішка і базылікі Найсвяцейшай Панны Марыі Анёлаў у Асізі. У 2007-13 гг. ён быў членам Камісіі кардыналаў па кантролі за Інстытутам рэлігійных спраў (Ватыканскім банкам).

У цяперашні час Калегія кардыналаў налічвае 222 членаў, у тым ліку 117 кардыналаў-выбаршчыкаў. 106 іерархаў не будуць мець права голасу на магчымым канклаве, паколькі дасягнулі 80-гадовага ўзросту.








All the contents on this site are copyrighted ©.