2017-04-24 12:11:00

Бліжэйшыя дарадцы Пантыфіка пачалі сустрэчу ў Ватыкане


Пад кіраўніцтвам Францішка 24 красавіка 2017 г. у Ватыкане пачалася сустрэча Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. На гэты раз размова пойдзе пра рэформу Рымскай курыі і найбольш важныя праблемы ў жыцці Касцёла. Нарада будзе працягвацца да серады, 26 красавіка.

Рада кардыналаў была заснавана папам Францішкам 28 верасня 2013 г. Першапачаткова яна складалася з васьмі кардыналаў з розных краін і рэгіёнаў, але неўзабаве Папа далучыў да групы кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна. Рада з’яўляецца кансультатыўным органам пры Пантыфіку і створана, у першую чаргу, з мэтай рэфармавання Рымскай курыі. Яе заснаванне стала адказам на адно з патрабаванняў кардыналаў, агучаных на агульных кангрэгацыях перад канклавам у сакавіку 2013 г..

У склад Рады ўваходзяць: кардынал Радрыгес Марадзьяга з Гандурасу – яе каардынатар, італьянскі кардынал Джузэпэ Бэртэла, кардынал Франсіска Хаўер Эрасурыс Оса з Чылі, кардынал Освальд Грасіяс з Індыі, кардынал Рэйнхард Маркс з Германіі, кардынал Ларан Монсэнгва Пасінья, які прадстаўляе Дэмакратычную Рэспубліку Конга, кардынал Шон О’Мэлі з ЗША, аўстралійскі кардынал Джордж Пэл і італьянскі кардынал Пьетра Паралін – Дзяржсакратар Яго Святасці Папы. Акрамя таго, у працах Рады прымае ўдзел сакратар, які не ўваходзіць у яе склад, італьянец, біскуп Марчэла Сэмерара.

Вынікам прыцы Рады кардыналаў стала, між іншым, стварэнне ў рамках Рымскай курыі двух новых структур: з 1 верасня 2016 г. працуе Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця, якая замяніла сабой Папскія рады па справах свецкіх і па справах сям’і, а з 1 студзеня 2017 г. пачала дзейнасць Дыкастэрыя па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека, якая паўстала шляхам зліцця існуючых Папскіх радаў: “Iustitia et Pax”, “Cor Unum”, пастырства работнікаў сферы аховы здароўя і пастырства эмігрантаў і падарожнікаў. Яе секцыю па справах бежанцаў узначаліў асабіста папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.