2017-04-25 14:48:00

Папа: абвяшчэнне Евангелля – гэта не карнавал і не забава


Евангелле павінна прапаведвацца з пакорай, падкрэсліў папа Францішак 25 красавіка 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі ён нагадаў заклік Хрыста, скіраваны да вучняў: “Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню” (Мц 16,15). Езус заклікаў апосталаў не заставацца ў Ерузалеме, не сядзець на месцы, а абвяшчаць Евангелле, выходзячы вонкі, падкрэсліў Святы Айцец.

Ён заўважыў, што такое выйсце заўсёды звязана з пэўнымі рызыкамі, якія бярэ на сябе прапаведнік Евангелля, бо не шукае ўласнай бяспекі, а выходзіць у дарогу. Гэта можа быць фізічнае, духоўнае пілігрымаванне, а часам нават шлях пакутаў. У гэтым кантэксце ён адзначыў важны ўклад, які ў прапаведванне Евангелля робяць хворыя, ахвяруючы свае пакуты за Касцёл і хрысціян.

Па словах Папы, Евангелле павінна абвяшчацца з пакорай, паколькі сам Езус прынізіў сябе. “Абвяшчэнне Евангелля – гэта не карнавал, гэта не забава”, - сказаў ён і дадаў, што прапаведуючы, усе пакліканы “апрануцца ва ўзаемную пакору”, каб перамагчы спакусу марнасці, таму што “Бог супраціўляецца ганарыстым, а пакорным дае ласку” (Як 4,6).

Францішак перакананы, што пакора патрэбна прапаведніку, бо ён нясе пасланне прыніжэння. У той жа час, сапраўднаму абвяшчэнню Евангелля спадарожнічаюць спакусы ўладай, пыхай, марнасцю і прапаведваннем без Хрыста, укрыжаванага і ўваскослага. Калі прапаведнік не сустракае такіх спакус, значыць яго прапаведванне марнае і д’ябал не турбуецца па яго прычыне, лічыць Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў давяраць Богу пры абвяшчэнні Евангелля, выходзіць за ўласныя межы і прапаведваць з пакорай. “Няхай Пан дасць нам усім, як ахрышчаным, ласку паўстання на шлях евангелізацыі з пакорай, з даверам да Яго самаго, абвяшчаючы сапраўднае Евангелле: “Слова, якое сталася целам”, - сказаў Францішак на заканчэнне сваёй гаміліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.