2017-04-26 14:47:00

Рада кардыналаў цікавілася падборам ватыканскага персаналу


Распрацоўкай кіруючых прынцыпаў адбору і падрыхтоўкі супрацоўнікаў Святога Пасаду, свецкіх і духавенства, а таксама канчатковым вызначэннем кампетэнцый ватыканскіх дыкастэрый, займалася на працягу трох апошніх дзён у Ватыкане Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. 26 красавіка 2017 г. Грэг Бёрк, кіраўнік Залы Друку, правёў кароткі брыфінг, на якім падзяліўся падрабязнасцямі 19-га пасяджэння групы бліжэйшых папскіх дарадчыкаў. Кожны дзень быў разбіты на дзве працоўныя сесіі.

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду, у першую чаргу, абмеркаванне датычыла Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў і Папскай рады па новай евангелізацыі. Кардыналы займаліся вывучэннем тэкстаў, якія затым будуць прапанаваныя да зацвярджэння Святому Айцу, адносна Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, Папскай рады па заканадаўчых тэкстах; трох ватыканскіх судовых структур: Апостальскай Пэнітэнцыярыі, Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры і Трыбуналу Рымскай Роты. 

Кардыналаў цікавіла таксама тэма падбору і навучання персаналу Святога Пасаду. У сувязі з гэтым прайшлі кансультацыі з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыяту, Сакратарыяту па эканамічных справах, Бюро працы Апостальскай Сталіцы (ULSA).

Яшчэ адным важным пытаннем, якое разгледзела Рада, сталі адносіны паміж біскупскімі канферэнцыямі і Рымскай курыяй. Кардынал Джордж Пэл прадставіў абноўленую інфармацыю аб працы Сакратарыята па эканомічных справах, з асаблівай увагай да маніторынгу бюджэтнага года, а кардынал Шон О’Мэлі падзяліўся звесткамі аб дзейнасці Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, якая працуе над рэалізацыяй глабальных адукацыйных праграм. 

Наступнае пасяджэнне кансультацыйнага органу пройдзе 12-14 чэрвеня 2017 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.