2017-04-26 12:17:00

Святы Айцец: вера – якар закінуты ў Неба


Верная любоў Бога да чалавека з’яўляецца фундаментам хрысціянскай надзеі, падкрэсліў Святы Айцец 26 красавіка 2017 г., падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Спасылаючыся на словы Езуса: “Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку” (Мц 28,20), ён нагадаў, што Бог прысутнічае ў жыцці чалавека і грамадства пастаянна, таксама і ў самыя цяжкія моманты.

“Мы, людзі, здольныя разбураць сувязі і масты. Ён – не. Калі наша сэрца астывае – Яго сэрца заўсёды застаецца гарачым. Наш Бог суправаджае нас заўсёды, нават, калі, на няшчасце, мы забываемся пра Яго. На вузкай мяжы, якая аддзяляе веру ад нявер’я, вызначальнае значэнне мае адкрыццё таго, што нас любіць і падтрымлівае наш Айцец, Які ніколі не пакіне нас у адзіноце”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што ў сваёй жыццёвай пілігрымцы чалавек ніколі не адзінокі. “Як доўга Бог будзе клапаціцца пра чалавека? Як доўга Пан Езус будзе ісці побач і клапаціцца пра нас? Адказ Евангелля не пакідае месца для сумненняў: да канца свету!”, - падкрэсліў Папа і ўзгадаў адзін з старажытных хрысціянскіх сімвалаў.

“Гэта не выпадкова, што сярод хрысціянскіх сімвалаў надзеі ёсць адзін, які мне вельмі падабаецца – гэта якар. Ён з’яўляецца выразам таго, што наша надзея не расплывістая. Не варта блытаць яе з зменлівымі пачуццямі тых, хто хоча палепшыць рэчы гэтага свету ў нерэалістычнай манеры, абапіраючыся выключна на сілу сваёй волі. На самой справе, хрысціянская надзея знаходзіць свае карані не ў прывабнасці будучага, але ва ўпэўненасці ў тым, што абяцаў нам Бог, і што Ён рэалізаваў у Езусе Хрысце”, - падкрэсліў ён, дадаўшы, што наша вера – гэта якар закінуты ў Неба.

Францішак перакананы, што калі ў жыцці абапірацца толькі на ўласныя сілы, можна хутка расчаравацца і адчуць сябе пераможаным, бо “свет часта не паддаецца законам любові” і аддае перавагу законам эгаізму.

“Але калі ў нас пераможа ўпэўненасць у тым, што Бог нас не пакіне, што Бог пяшчотна любіць нас у гэтым свеце, тады адразу мяняецца перспектыва. “Homo viator, spe erectus”, як казалі старажытная людзі. Падчас пілігрымавання, абяцанне Езуса: “Я з вамі” дапамагае трываць з надзеяй, з даверам, што добры Бог ужо дзейнічае, каб споўніць тое, што па-чалавечы здаецца немагчымым, бо якар ужо закінуты ў Неба”, - падкрэсліў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што святы верны народ Божы – гэта людзі, якія пілігрымуюць з надзеяй. Куды б яны ні пайшлі, ведаюць, што Божая любоў іх апярэджвае. “Не існуе такой часткі свету, якая б пазбегнула перамогі Уваскрослага Хрыста. А што такое перамога Уваскроскала Хрыста? Гэта перамога любові”, - завяршыў сваю катэхезу Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.