2017-04-26 15:56:00

Францішак салідарны з Касцёлам у Венесуэле


Святы Айцец выказаў салідарнасць з каталіцкай супольнасцю Венесуэлы. Аб гэтым распавёў у інтэрв’ю выданню “El Nuevo Paìs” арцыбіскуп Каракаса кардынал Хорхэ Уроса Савіна. Яго тэкст быў апублікаваны 25 красавіка 2017 г. на сайце Канферэнцыі Біскупаў Венесуэлы. 

Іерарх паведаміў, што на мінулым тыдні яму патэлефанаваў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін і пераказаў словы салідарнасці Пантыфіка ў сувязі з нападам групы радыкалаў на базыліку св. Тэрэзы ў Каракасе. Правакацыя адбылася 12 красавіка 2017 г. падчас св. Імшы. Яе ўдзельнікі выкрыквалі антырэлігійныя і антыкасцёльныя лозунгі.

У Венесуэле працягваюцца сутыкненні паміж прыхільнікамі апазіцыі і паліцыяй. Паводле мясцовых СМІ, у супрацьстаянні ўжо загінулі некалькі дзесяткаў чалавек. Мясцовы Касцёл дэманструе салідарнасць з насельніцтвам, асуджае насілле і заклікае да мірнага вырашэння крызісу. 

Пантыфік неаднаразова звяртаў увагу на сітуацыю ў Венесуэле. Перад малітвай “Анёл Панскі” 2 красавіка 2017 г. ён заклікаў маліцца за народ гэтай краіны і “настойліва, пазбягаючы ўсялякага насілля, шукаць палітычных рашэнняў” для выйсця з сітуацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.