cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Гаміліі

Папа: хрысціянскае жыццё – сведчанне паслухмянасці Богу

Папа: хрысціянскае жыццё – сведчанне паслухмянасці Богу - AFP

27/04/2017 12:23

Хрысціянскае жыццё – гэта не ідэя ці сацыяльны статус, а сведчанне паслухмянасці Богу, адзначыў Францішак 27 красавіка 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі ён спаслаўся на выказванне св. Пятра і Апосталаў з першага літургічнага чытання, якое прагучала падчас св. Імшы: “Трэба слухацца Бога больш, чым людзей” (Дз 5,29).

Гэтыя словы дапамагаюць зразумець, што “хрысціянін з’яўляецца сведкай паслухмянасці”, як Езус, Які падчас малітвы ў Аліўным садзе адмовіўся ад уласнай волі на карысць волі Айца. “Калі не знаходзімся на гэтым шляху ўзрастання ў сведчанні паслухмянасці – не з’яўляемся хрысціянамі”, - падкрэсліў Папа.

Паводле яго, сведчанню аб паслухмянасці немагчыма навучыцца дзякуючы парадам духоўнага настаўніка ці прачытанай кнізе, хоць і гэта важна. Паслухмянасць – гэта ласка, аб якой трэба прасіць Святога Духа. “Толькі Дух можа змяніць сэрца і дазволіць стаць сведкамі паслухмянасці. Гэта справа Духа і мы павінны прасіць аб гэтым”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што наступствам паслухмянасці Богу з’яўляецца пераслед. Менавіта з ім сустрэўся св. Пётр, калі адмовіўся падпарадкавацца забароне на прапаведванне Евангелля.

“Крыж нельга выкрэсліць з жыцця хрысціяніна. Хрысціянскае жыццё – гэта не сацыяльны статус, не спосаб перажывання духоўнасці, якая робіць мяне больш добрым, крыху лепшым. Гэтага не дастаткова. Жыццё хрысціяніна – гэта сведчанне ў паслухмянасці і яно поўнае паклёпаў, нагавораў, пераследаў”, - сказаў ён.

Святы Айцец заклікаў вернікаў маліцца, вызнаваць грахі і прасіць у Бога аб ласцы, каб стаць сведкамі паслухмянасці, якія не спалохаюцца, калі сустрэнуцца з пераследам.


27/04/2017 12:23