2017-04-27 15:21:00

Пантыфік даў парады членам руху “Каталіцкая акцыя”


Францішак пажадаў шырокага распаўсюджавання руху “Каталіцкая акцыя” і яго актыўнай дзейнасці ў розных сферах жыцця сучаснага чалавека. Аб гэтым ён заявіў падчас сустрэчы з удзельнікамі міжнароднага форума гэтай асацыяцыі свецкіх вернікаў, які 27 красавіка 2017 г. адкрыўся ў Ватыкане.

“Я хачу, каб “Каталіцкая акцыя” была сярод людзей: у парафіяй, дыяцэзіях, краінах, кварталах, сем’ях, на месцах працы і вучобы, у сельскай мясцовасці і ва ўсіх іншых жыццёвых асяродках. На гэтых новых арэапагах прымаюцца рашэнні і будуецца культура”, - сказаў ён.

Пантыфік нагадаў, што ў залежнасці ад гістарычных абставінаў, гэты каталіцкі рух надае прыярытэтнае месца аднаму з сваіх чатырох стаўпоў: малітве, выхаванню, самаахвярнасці ці апостальству. Паводле яго, сёння прыярытэт неабходна даць “місійнаму апостальству”, ведаючы, што “без малітвы, самаахвярнасці і выхавання няма будучыні”.

Гэта заданне патрабуе абноўленай евангелізацыйнай дзейнасці, якая дазволіць дасягнуць самых далёкіх перыферый. Неабходна, каб “Каталіцкая акцыя” прысутнічала ў свеце палітыкі, прадпрымальніцтва, прафесійнай дзейнасці, у турмах, шпіталях, на фабрыках, у трушчобах гарадоў. 

Пантыфік заклікаў пазбягаць “перфекцыянісцкай спакусы вечнай падрыхтоўкі да місіянерства і вечных аналізаў”, якія па сваім завяршэнні ўжо становяцца неактуальнымі. “Можна навучыцца евангелізаваць – евангелізуючы, маліцца – молячыся, калі наша сэрца адкрыта на гэта”, - падкрэсліў ён.

Па словах Папы, у сучасным свеце існуе патрэба ў “актыўнай міласэрнасці”. Ён заклікаў сваіх гасцей не “клерыкалізаваць свецкіх вернікаў” і адкрыць дзверы “Каталіцкай акцыі” для людзей, якія па розных прычынах не могуць у ёй састаяць: бацькам, якія не заключылі сакрамэнтальнага сужэнства, людзям з складаным мінулым, але якія змагаюцца, параненай і дызарыентаванай моладзі. “Будзьце адважнымі! Вы не будзеце вернымі Касцёлу, калі на кожным кроку будзеце чакаць, каб вам сказалі, што трэба рабіць!”, - падкрэсліў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.