2017-04-27 13:59:00

Святы Пасад дапаможа ў рэабілітацыі сірыйскіх дзяцей


Святы Пасад дапаможа сірыйскім дзецям у псіхалагічнай рэабілітацыі. 26 красавіка 2017 г. у ватыканскай педыятрычнай клініцы “Bambino Gesu” (Дзіцятка Езуса) быў прадстаўлены праект дапамогі дзецям з пост-траўматычным разладам, выкліканым знаходжаннем у эпіцэнтры ваенных дзеянняў. 

У прэзентацыі ініцыятывы прыняў удзел сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ён назваў маральным абавязкам дапамогу сірыйскім дзецям і моладзі. Дыпламат падзяліўся ўласным сведчаннем і распавёў, што яго маці на працягу ўсяго жыцця пакутавала ад жудасных успамінаў пра бамбардзіроўкі гітлераўскімі войскамі Ліверпуля, дзе жыла яго сям’я падчас Другой сусветнай вайны.

Праект дапамогі сірыйскім дзецям разлічана на тры гады. Яго мэта – дапамагчы маленькім ахвярам вайны пераадолець наступствы стрэсу на эмацыйным, кагнітыўным, псіхапаталічным і паводзінскім узроўнях. Ватыканскія ўрачы таксама будуць дзяліцца досведам і кампетэнцыямі з сваімі сірыйскімі калегамі. 

Плануецца, што ўжо ў чэрвені дэлегацыя ўрачоў з каталіцкай клінікі, на чале з яе дырэктарам Марыэлай Энак, накіруецца ў Бейрут і Дамаск, каб на месцы вызначыцца з прыярытэтамі ў рэалізацыі праекту.

Паводле статыстычных дадзеных, двое з трох сірыйскіх дзяцей згубілі падчас вайны некага са сваіх блізкіх, сталі ахвярамі бамбарардзіровак свайго дома або атрымалі раненні. Многія падлеткі ўжываюць наркотыкі, каб змагацца з стрэсам, узрасла колькасць выпадкаў хатняга насілля, расце ўзровень агрэсіўнасці сярод моладзі, многія дзеці маюць праблемы са сном і іншыя сімптомы пост-траўматычнага разладу.








All the contents on this site are copyrighted ©.