2017-04-28 16:56:00

Пантыфік: мір немагчымы без належнага выхавання моладзі


Важнасць выхавання моладзі і супрацоўніцтва паміж рэлігіямі дзеля будавання міру былі галоўнымі тэмамі звароту Францішка да ўдзельнікаў Міжнароднай мірнай канферэнцыі ў мусульманскім універсітэце “Аль-Азхар” у Каіры. Пантыфік выступіў на ёй 28 красавіка 2017 г. у рамках свайго візіту ў Егіпет.

Папа нагадаў, што гэта краіна з’яўляецца зямлёй старажытнай цывілізацыі. Пошук ведаў і разуменне каштоўнасці адукацыі аказаліся плённым для развіцця Егіпту ў мінулым. Яны важныя таксама і для будучыні, бо “мір немагчымы без належнай адукацыі маладых пакаленняў”.  

Ён нагадаў, што адукацыя становіцца жыццёвай мудрасцю, калі дапамагае чалавеку здабыць лепшае з сябе, калі рыхтуе будучыню, не стамляецца шукаць нагодаў для сустрэчы і дзялення, а таксама вучыць, што зло нараджае толькі зло, а насілле – толькі насілле, у спіралі якая вядзе да зняволення. 

Францішак адзначыў важнасць міжрэлігійнага дыялогу, якому павінна спадарожнічаць захаванне ўласнай тоеснасці, адкрытасць на іншых і шчырасць інтэнцый. “Вучыць паважлівай адкрытасці і шчыраму дыялогу з іншым, прызнаючы яго фундаментальныя правы і свабоды, асабліва рэлігійную, гэта лепшы шлях, каб разам пабудаваць будучыню, каб быць будаўнікамі цывілізацыі”, - сказаў Папа.

Паводле яго, каб перамагчы варварства тых, “хто дзьме на нянавісць і падбухторвае да насілля”, трэба суправаджаць і дапамагаць у сталенні маладым пакаленням, якія адказваюць на логіку зла цярплівым узрастаннем у дабры, штодзённа перамяняюць забруджанае нянавісцю паветра ў кісларод братэрства.

Святы Айцец нагадаў, што Егіпет з’яўляецца зямлёй саюзаў, дзе для супольнага дабра заўсёды ўзаемадзейнічалі розныя рэлігіі і веравызнанні. “Саюзы такога роду як ніколі неабходныя сёння”, - сказаў ён і дадаў што, “сапраўдны саюз на зямлі не можа ігнараваць Неба”.

Паводле Папы, існуе рызыка таго, што рэлігію “паглыне кіраванне зямнымі справамі і спакусіць ліслівасць зямных уладаў, якія на самой справе яе інструменталізуюць”. На яго думку, у свеце існуе настальгія па вялікіх пытаннях, якія ўздымаюць рэлігіі. Яны нагадваюць пра пакліканне чалавека, які “не быў створаны, каб спустошыцца ў кволасці зямных спраў, але каб крочыць да Абсалюта”. “Рэлігія – гэта не праблема, а частка рашэння”; яна нагадвае, што трэба звяртацца да Нябеснага, каб навучыцца будаваць зямное, сказаў Папа.

Францішак звярнуўся да Божай запаведзі: “не забівай”, і заклікаў супрацьставіцца шляху насілля. “Мы пакліканы асуджаць парушэнні годнасці і правоў чалавека, праліваць святло на спробы апраўдання ўсіх форм нянавісці імем рэлігіі, асуджаць іх, як ідалапаклонніцкую фальсіфікацыю Бога: Яго Імя – Святое, Ён – Бог міру, Бог – салам! Таму, толькі мір святы і ніякае насілле не можа здзяйсняцца ў імя Бога, бо будзе абражаць Яго Імя”, - падкрэсліў Папа.

Ён заклікаў рэлігійных лідэраў да супольнага сцвярджэння таго, што насілле і вера – несумяшчальныя, што кожнае чалавечае жыццё – святое, і што ўзрастанне ў любові да Бога вядзе да ўзрастання ў любові да бліжняга. Святы Айцец таксама адзначыў, што для прафілактыкі канфліктаў і будавання міру неабходна змагацца з беднасцю, гандлем і вырабам зброі. Ён заклікаў усіх даць пачатак мірным прасэсам у сферы сваёй адказнасці. 








All the contents on this site are copyrighted ©.