2017-04-29 12:17:00

Святы Айцец у Егіпце заклікаў да радыкалізму любові


“Хто не праходзіць праз досвед крыжа аж да праўды ўваскрасення, сам асуджае сябе на роспач”, - адзначыў Францішак 29 красавіка 2017 г. падчас Эўхарыстыі на тэрыторыі спартыўнага комплексу “Air Defence Stadium” у Каіры. У літургіі прынялі ўдзел каля 25 тыс. вернікаў.

У сваёй гаміліі Папа спаслаўся на евангельскае апавяданне пра сустрэчу ўваскрослага Хрыста з вучнямі на дарозе ў Эмаус. Ён падкрэсліў, што пасланне гэтага ўрыўку заключана ў трох словах: смерць, уваскрасенне і жыццё.

“Мы не можам сустрэць Бога не ўкрыжаваўшы перад гэтым нашыя абмежаваныя ідэі аб богу, якія адлюстроўваюць наша разуменне ўсемагутнасці і ўлады”, - сказаў Папа.

Паводле яго слоў, Касцёл нараджаецца з веры ва ўваскрасенне. Сапраўдная вера робіць больш лагоднымі, міласэрнымі, сумленным і гуманнымі. Яна падштурхоўвае бараніць культуру дыялогу, павагі і братэрства, і жыць ёй.

“Сапраўдная вера вядзе нас да абароны правоў іншых з той жа сілай і энтузіязмам, з якімі баронім нашы. На самой справе, чым больш умацоўваецца вера і пазнанне, тым больш расце пакора і ўсведамленне сваёй мізэрнасці”, - дадаў ён.

Францішак падкрэсліў, што Богу падабаецца толькі такая вера, якая вызнаецца жыццём, бо адзіным экстрэмізмам, які дазволены вернікам, з’яўляецца экстрэмізм любові. Усе іншыя формы экстрэмізму не паходзяць ад Бога і не падабаюцца Яму, заўважыў Пантыфік.

“Не бойцеся расчыніць свае сэрцы на святло Уваскрослага і дазвольце Яму перамяніць вашу няўпэўненасць ў станоўчую сілу для вас і іншых. Не бойцеся любіць усіх, сяброў і ворагаў, бо жывая любоў – гэта сіла і скарб верніка!”, - заклікаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.