2017-04-30 13:33:00

Папа да італьянскай “Каталіцкай акцыі”: ісці на перыферыі


Быць місійнымі вучнямі, якія імкнуцца на самыя далёкія перыферыі, заклікаў Францішак членаў італьянскага аддзялення руху “Каталіцкая акцыя”. 30 красавіка 2017 г. яны сабраліся на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, каб разам са Святым Айцом адзначыць 150-годдзе сваёй асацыяцыі. 

У прамове Папа прызнаўся, што сярод членаў “Каталіцкай акцыі” адчувае сябе як дома, бо ў ёй састаялі яго бацька і бабуля. Ён нагадаў таксама пра важнае значэнне гэта арганізацыі для гісторыі Італіі. 

“Цудоўная гісторыя за плячыма патрэбна не для таго, каб крочыць з поглядам скіраваным назад, не для таго, каб глядзець у люстэрка, не для таго, каб утульна сядзець у крэслы. Не забывайцеся пра гэта! Не крочце з вачыма скіраванымі назад, бо можаце трапіць у здарэнне!”, - заклікаў Францішак.

Паводле яго слоў, “успамін пра доўгі жыццёвы шлях дапамагае ўсвядоміць, што з’яўляемся пілігрымуючым народам і што павінны клапаціцца пра ўсіх, дапамагаючы кожнаму расці ў сваім чалавецтве і веры, дзелячыся міласэрнасцю, праз якую Пан удзяляе нам сваю спагаду”.

“Заклікаю вас працягваць быць народам вучняў-місіянераў, якія жывуць і даюць сведчанне аб радасці, што вынікае з пазнання бясконцай любові Бога і разам з Ім любяць гісторыю, да якой прыналежаць”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў важнасць шырокай прысутнасці руху на дыяцэзіяльным і парафіяльным узроўнях. Ён падкрэсліў, што “Каталіцкая акцыя” і парафіі павінны быць узаемна адкрытымі. “Кожная ініцыятыва прызначана для евангелізацыі, а не для самазахавання”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў членаў асацыяцыі прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, у тым ліку ў “Палітыцы з вялікай літары”. “Дарагія дзеці, моладзь і дарослыя “Каталіцкай акцыі”: ідзіце, дасягайце ўсіх перыферый! Ідзіце і будзьце там Касцёлам, з сілай Святога Духа”, - сказаў на заканчэнне сваёй прамовы Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.