2017-05-01 11:53:00

Рыцары Мальтыйскага Ордэна выбралі часовага кіраўніка


Рыцары Суверэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна выбралі часовага кіраўніка. Гэта адбылося 29 красавіка 2017 г. падчас пасяджэння Вялікай Дзяржаўнай Рады, якое прайшло ў Рыме. Намеснікам Вялікага Магістра стаў 73-гадовы Джакама Дала Торэ. Ён будзе кіраваць Ордэнам на працягу бліжэйшага году.

Аб абранні быў паінфармаваны папа Францішак, структурныя адзінкі Ордэна ў свеце, а таксама ўрады 106 краін, з якімі ён мае дыпламатычныя адносіны.

У нядзелю, 30 красавіка 2017 г. Джакама Дала Торэ склаў прысягу, у прысутнасці арцыбіскупа Анджэла Бэчу, спецыяльнага дэлегата Святога Айца пры Мальтыйскім Ордэне, і членаў Вялікай Рады. Гэта адбылося ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі на Авентынскім пагорку ў Рыме.

Пасада Вялікага Магістра Мальтыйскага Ордэна застаецца вакантнай са студзеня 2017 г. пасля адстаўкі з яе Мэцью Фесцінга. Джакама Дала Торэ ўжо выконваў абавязкі Намесніка ў 2004 г., пасля смерці тагачаснага Вялікага Магістра.

Паводле Канстытуцыі Суверэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна, мандат Намесніка працягваецца адзін год, на працягу якога ён мае такія самыя паўнамоцтвы, як і Вялікі Магістр. Перад завяршэннем гэтага перыяду ён павінен склікаць Вялікую Дзяржаўную Раду. 

Джакама Дала Торэ нарадзіўся ў 1944 г. у італьянскай сталіцы. З 2008 г. ён з’яўляўся кіраўніком Вялікага Прыёрату Рыма, аднаго з самых старажытных аб’яднанняў Ордэна. Яго родны брат – Джузэпэ Дала Торэ – старшыня Трыбуналу Дзяржавы Ватыкан.








All the contents on this site are copyrighted ©.