2017-05-01 10:35:00

Кардынал: “Amoris laetitia” адпавядае вучэнню Касцёла


Апостальская адгартацыя “Amoris laetitia” цалкам адпавядае вучэнню Касцёла аб сужэнстве і сям’і, падкрэсліў кардынал Франчэска Кокапальмерыа. Старшыня Папская рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў заўважыў, што гэты дакумент грунтуецца на маральных прынцыпах, якія з’яўляюцца традыцыйнымі ў Касцёле: першаснасці сумлення і адсутнасці магчымасці дзейнічаць адваротна.

У інтэрв’ю італьянскаму каталіцкаму інтэрнэт-выданню “SettimanaNews” ён заўважыў, што “Amoris laetitia” вылучае асаблівы выпадак, які патрабуе максімальнай увагі, а менавіта сітуацыю асобаў, якія жывуць у нерэгулярным саюзе (з прычыны існавання іх папярэдняга кананічнага сужэнства), усведамляюць свой стан, хацелі б яго змяніць (што значыць пакінуць гэты саюз), але не могуць, бо ад гэтага іншыя людзі (партнёр і дзеці) панясуць вялікую страту.

Кардынал згодны, што крытыка “Amoris laetitia” паходзіць ад людзей, якія жадаюць быць вернымі вучэнню Касцёла аб сужэнстве і сям’і. Дакумент таксама цалкам верны яму, “бо з абсалютнай яснасцю сцвярджае, што сужэнства непарыўнае”. “Сітуацыі, пра якія ідзе гаворка, былі вызначаны як нерэгулярныя, аднак упор робіцца на два пункты сумлення асобаў: жаданне змяніць становішча і немагчымасць зрабіць гэтага з павагі да іншых людзей”, - сказаў ён.

Паводле пурпурата, у пераважнай большасці выпадкаў, асобы, якіх ён сустракаў падчас розных канферэнцый, знаходзілі пераканаўчым змест адгартацыі і прапанаваную ім экзэгэтыку гэтага дакумента.

Апостальская адгартацыя папы Францішка “Amoris Laetitia” была апублікавана 8 красавіка 2016 г. Дакумент прысвечаны любові ў сям’і і з’яўляецца плёнам працы Сінода Біскупаў, пасяджэнні якога праходзілі ў Ватыкане ў 2014 і 2015 гг. Яго лейтматыў – міласэрнасць і інтэграцыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.