2017-05-02 10:52:00

Пазіцыю Папы па Венесуэле падтрымалі ў Лацінскай Амерыцы


Восем краін Лацінскай Амерыкі – Аргентына, Бразілія, Чылі, Калумбія, Коста-Рыка, Перу, Парагвай і Уругвай – падпісалі супольны зварот, у якім далучыліся да закліку папы Францішка, як мага хутчэй знайсці рашэнне для глыбокага крызіса ў Венесуэле. Адмысловыя паведамленні былі апублікаваны на сайтах Міністэрстваў замежных спраў гэтых краін.

30 красавіка 2017 г. Пантыфік звярнуўся да ўладаў і грамадства Венесуэлы падчас малітвы “Regina Caeli”. Між іншым ён заклікаў устрымацца ад любых далейшых праяваў насілля, паважаць правы чалавека і шукаць узгодненае вырашэнне глыбокага гуманітарнага, сацыяльнага, палітычнага і эканамічнага крызіса, які знясільвае насельніцтва краіны.

“Мы згодныя з папам Францішкам, што трэба рабіць усё магчымае для Венесуэлы, але з неабходнымі гарантыямі”, - гаворыцца ў закліку лацінаамерыканскіх дзяржаў. Адзначаецца, што ўмовамі для палітычнага дыялогу павінна стаць: спыненне насілля, аднаўленне функцыянавання прававой дзяржавы, вызваленне палітычных вязняў, вяртанне прэрагатываў Нацыянальнай Асамблеі і вызначэнне даты бліжэйшых выбараў.

Сітуацыю ў Венесуэле Святы Айцец закрануў таксама 29 красавіка 2017 г. падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта па дарозе ў Рым з Каіра, дзе знаходзіўся з двухдзённым візітам. Ён нагадаў, што Апостальская Сталіца ўжо выконвала пасярэдніцкую ролю ў дыялогу паміж ўладамі і апазіцыяй у Венесуэле, але “гэта не дало вынікаў”. 

Францішак заўважыў, што прапановы Святога Пасаду тады не былі прыняты. “Мы ўсе ведаем, наколькі складанай з’яўляецца сітуацыя ў Венесуэле. Я за хутчэйшае аднаўленне перамоваў на месцы. Для гэтага, аднак, патрэбна прыняцце ясных умоваў, якія частка апазіцыі прымаць не хоча. Цікава, але таксама і апазіцыя там падзеленая. З іншага боку, канфлікт пастаянна ўмацоўваецца. Усё, што трэба зрабіць для Венесуэлы, краіны, якую я вельмі люблю, трэба зрабіць”, - сказаў Папа.

Сутыкненні паміж прыхільнікамі апазіцыі і паліцыяй у Венесуэле працягваюцца з пачатку красавіка. Паводле мясцовых СМІ, у супрацьстаянні ўжо загінулі некалькі дзесяткаў чалавек.








All the contents on this site are copyrighted ©.