2017-05-04 13:10:00

Святы Пасад і М’янма ўстанавілі дыпадносіны


4 мая 2017 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дзяржаўнага дарадчыка і міністра замежных спраў М’янмы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 1991 г. Аўн Сан Су Чжы. 

Пасля заканчэння сустрэчы Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла аб ўстанаўленні дыпламатычных адносін на ўзроўні нунцыятуры і пасольства паміж Святым Пасадам і гэтай азіяцкай краінай. М’янма стала 182-й дзяржавай, з якой Апостальская Сталіца мае дыпламатычныя стасункі. 

Аўн Сан Су Чжы сустракалася з папам Францішкам ўжо ў другі раз. Упершыню гэта адбылося 28 кастрычніка 2013 г. падчас прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

М’янма – дзяржава ў Паўднёва-Усходняй Азіі, буйнейшая краіна паўвострава Індакітай. Гранічыць з Індыяй і Бангладэш на захадзе, Кітаем на поўначы, Лаосам на ўсходзе, Тайландам на паўднёвым усходзе. Па палітычным ладзе краіна з’яўляецца парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай. Улады праводзяць актыўную знешнюю палітыку на рэгіянальным узроўні. У 51-мільённай М’янме каля 725 тыс. католікаў. 90% насельніцтва вызнае будызм.

 








All the contents on this site are copyrighted ©.